Перайсці да зместу

Старонка:Сьцежкі-дарожкі (1928).pdf/388

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

вылучаўся на твары, а ў вачох гарэў хваравіты ліхаманкавы агонь. Як убачыў Лясьніцкага і Ніну, ён памкнуўся быў усьміхнуцца, але замест усьмешкі вышла ў яго нейкая дражліва-едкая грымаса. Наогул гэта грымаса цяпер вельмі часта ўсплывала на яго твар.

Ніна запрасіла яго сесьці на лаўку і, калі ён адмовіўся, настойліва паўтарыла сваё запрашаньне.

— Мне цяжка так з табой гаварыць, калі ты будзеш стаяць.

Халіма сеў. Ён сеў неяк бокам да Ніны, не глядзеў на яе, упяў у дальні куток свой цяжкі неўвароткі погляд. Ён першы пачаў гаварыць — запытаў нездаволена, груба:

— Чаго прышла?

— Прышла паглядзець на свайго першага мужа.

— А другіх у цябе многа было?

Ніна на момант замоўкла, уражаная яго грубасьцю. А тады сказала яму з ціхім дакорам:

— Ты хочаш мяне зьневажаць? Гэта — самае лёгкае. Я чакала, што ты возьмеш больш трудны і… больш сумленны напрамак…

Халіму гэта, відаць, троху дадзела. Ён сказаў ужо больш лагодна і мякка:

— Калі хочаш, дык давай пагутарым… Ты пытайся, што табе трэба…

Ніна памаўчала з хвіліну і потым запытала з ледзь чутным болем і ласкай у голасе:

— Скажы, Халіма, калі ты стаў нашым ворагам?

Халіма нездаволена паморшчыўся.

— У яго запытай (кінуў на Лясьніцкага) — ён табе скажа. Я яму ўсё расказаў…

Тады хвіліны дзьве, а мо‘ й больш, маўчалі. Халіма нецярпліва затурбаваў:

— Ну, што яшчэ?

— Яшчэ… Што яшчэ… Ага… Мне, вось, цяжка пытацца ў цябе — ня пэўна я ў тваёй шчырасьці. Калі хочаш, скажы — гэта будзе апошняе запытаньне: ці любіў ты мяне калі-небудзь, ці было тады паміж нас шчырае нешта, сапраўднае?..