Лясьніцкі ў задуме прайшоўся па пакою.
— Я ўжо думаў аб тым, што вы захочаце з ім пабачыцца. Гэта, вядома, можна будзе наладзіць… Нават і сёньня… Але вось, Ніна, я-б хацеў пытаньне адно задаць вам… патаварыску… вядома, калі дазволіце…
Яна ў знак згоды кіўнула галавой. Лясьніцкі гаварыў далей:
— Мне неяк раз задавала такое пытаньне адна асоба — я скажу яе словамі: ці ўпэўнены вы, што ёсьць хоць маленькая патрэба ў гэтай сустрэчы?
Ніна адразу нібы здрыганулася, потым даверліва ўзьняла на Лясьніцкага адкрыты погляд глыбока-сур‘ёзных ціхіх вачэй.
— Вы добра зрабілі, што спыталі пра гэта. Вы мелі права пытаць, бо ў нас здаўна павялося быць шчырымі адзін перад адным…
Яна спынілася, быццам зьбіраючы думкі, адвяла погляд на сьветлы квадрат вакна. І загаварыла ціхім марудлівым голасам:
— Я сама многа аб гэтым думала… з самай той хвіліны, як даведалася, што яго арыштавалі. Толькі вось з поўгадзіны назад я канчаткова пастанавіла, што пайду да яго… Вы, Лясьніцкі, наўдачу, каб зразумелі мяне, бо вы мужчына, а тут якраз нешта спэцыфічна жаночае. Я ня люблю яго — гэта цьвёрда я разумею. Я нават ненавіджу яго, як свайго ворага… Я не таму іду, што чакаю нечага ад яго, што шукаю для сябе нейкага ўзвароту перажываньняў. Я іду… Слухайце, Лясьніцкі, ці траплялася вам, ідучы басанож, моцна, да сьлёз у вачох, ударыць нагу? Ці адчувалі вы тады незразумелую патрэбнасьць абярнуцца і зірнуць на тое, што дало вам гэтую боль?.. З такім прыблізна настроем я іду да яго… Я-ж так моцна аб яго ўдарылася. Я-ж любіла яго і радзіла была яго дзяцёнка… Мне трэба, Лясьніцкі, паглядзець на яго, я хачу паглядзець…
Лясьніцкі маўчаў. Ніну гэта дужа, відаць, турбавала — яна з трывожным чаканьнем лавіла яго халодна-раскіданы