калі я ў сарочцы хачу… голы хачу хадзіць… га?.. Хто даў вам права лезьці ў жыцьцё маё, дыктаваць законы і правілы?.. У мяне ёсьць закон — мая воля… Я вольным хачу быць. Я — чалавек і хачу быць чалавекам… Што вам трэба, чаго вы лезеце?..
Лясьніцкі зноў усьміхнуўся.
— Мы гэта чулі даўно-даўно… Надакучыла ўжо… Ты чытаў анархістаў?
Халіма злосна насупіўся.
— Нічога я ня чытаў. Я не сьляпы — я бачу, што робіцца ў жыцьці…
— Ты бачыш, што робіцца ў жыцьці? А ці бачыў ты, як сяляне палілі маёнткі, як выходзілі яны з віламі, з тапарамі і гналі к чортавай матары сваіх спрадвечных ворагаў — памешчыкаў? Ці бачыў ты, як гэтыя памешчыкі, вярнуўшыся за штыкамі польскіх жандараў і з іх дапамогай, палілі і руйнавалі цэлыя вёскі, сотнямі секлі сялян, забівалі, мучылі… ты гэта бачыў? А ці бачыў ты, як стыхійна зьбіралася ў партызанскія атрады сялянская моладзь, каб даць адпор ашалеламу панству? Што гэта — бунт? Хто бунтаваў тут — сяляне ці памешчыкі, га?.. Хто шукаў жыцьця, а хто баяўся яго?.. Ці заўважыў ты, што ў гэтым „бунце“ было два рэзка акрэсьленых станы і што абодвы біліся за жыцьцё — жорстка біліся, да самазабыцьця, да самаахвярнасьці…
Халіма дасадліва моршчыўся. Як кончыў Лясьніцкі, ён з едкай грымасай сказаў:
— Агітаваць мяне хочаш? Мала карысьці… Ды й ня варта — усё роўна страляць будзеце… Будзеш яшчэ пытаць што, ці можна ісьці?
— Больш нічога. Цяжка з табой гаварыць… Усё-ткі, Халіма, мне шкода цябе…
Халіма злосна ашчэрыўся.
— Глядзі за сабой.
Лясьніцкі гукнуў вартавых.
— Вядзеце. Скажэце каравульнаму начальніку, каб узяў гэтага… грамадзяніна пад асобную ўзмоцненую варту…