Перайсці да зместу

Старонка:Сьцежкі-дарожкі (1928).pdf/383

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ворагам, бо ты пад маркай гэтай унівэрсальнай мэсіанскай справы робіш справу Шэмпеля… А што за справы ў Шэмпеля — мы гэта ведаем… Калі табе ўсё роўна — чаму ты ня ў Чырвонай арміі, а ў бандзе памешчыка Шэмпеля?

Халіма з хвіліну падумаў.

— Чырвоная армія нясе парадак. Можа й новы — мне ўсё роўна. Дзе парадак — там гнёт, ціскі, там жыцьцё пад мерку і вагу, там няма волі, няма натуры… Кожны парадак — гэта падман, на які зьлятаюцца ўсе, хто баіцца жыцьця. Сьмерці трэба баяцца, а ня жыцьця. Вось я-б забіў цябе, каб было як, і выскачыў у гэта вакно — я зрабіў-бы таму, што баюся сьмерці, а вы мяне заб‘іцё таму, што баіцеся жыцьця… Вам парадак трэба, а ня жыцьцё…

Ён спыніўся, троху падумаў і зноў пачаў:

— Вы свой бунт ужо кончылі — ваш цяпер бунт супроць бунта. Але ўсё роўна ён бунт, і таму я кажу, што мы з табой — ня ворагі… Шэмпель свайго ня возьме — іхні парадак кончыўся ўжо… Ён цяпер бунтуе супроць вашага новага парадку — таму ён таксама мой прыяцель…

Лясьніцкі з горкай насьмешкай паківаў галавой.

— Як штучна ўсё гэта, Халіма. Мне здаецца — і сам ты сур‘ёзна ня верыш у гэтую сваю філёзофскую блытаніну. Ня бунт гэта, Халіма, а барацьба. І ня супроць жыцьця, а за жыцьцё, за магчымасьць жыцьця, за права на яго… Гэта барацьба двух парадкаў — у адным з гэтых парадкаў жыцьцё маё, а ў другім — Шэмпеля. Вось чаму я супроць Шэмпеля і супроць цябе, бо ты об‘ектыўна — за іхні парадак, за іхнае жыцьцё…

Халіма адвёў у бок сярдзіта-задуменны погляд.

— Ваш парадак ня вечны… Ён сустрэне сваю супярэчнасьць. Гэта супярэчнасьць яго — бунт. Бунт вызваляе і ачышчае… Бунт — уваскрасеньне жывога чалавека, зварот яго да волі і жыцьця…

Ён раптам распаліўся і закрычаў:

— Я — асоба! Я — чалавек! Разумееш? Які вам клопат да мяне! Хто даў вам права ўціскаць мяне ў цесны мундзір,