Лясьніцкі загадаў вартавым стаць з таго боку дзьвярэй. Адзін з іх зноў памкнуўся нешта сказаць — Халіма зноў абсек яго і дасадліва растлумачыў Лясьніцкаму:
— Ён хоча сказаць, што я спрабаваў уцячы. Гэта зусім натуральна і няма чаго аб гэтым гутарыць… Ну, я слухаю…
Лясьніцкі сеў за стол і запрасіў Халіму сесьці на ўслоне. Але той астаўся стаяць, магутна і нахабна раскірэчыўшы ногі.
— Воліч уцёк?
Лясьніцкі чамусьці пачаў з гэтага, хоць у нутры было цяпер зусім іншае. Халіма каротка адказаў:
— Уцёк.
— Гэта — Карл Іванавіч Шэмпель?
— Карл Іванавіч Шэмпель.
— Ты яго памочнік?
— Памочнік.
Лясьніцкі змоўк, мяркуючы, аб чым далёй гаварыць з ім. У гэты момант Халіма кінуў шпаркі настарожаны погляд у адчыненае вакно, ля якога блізка стаяў. Лясьніцкі заўважыў і ўзяўся за рэвольвэр. Халіма ні то ўсьміхнуся, ні то злосна скрывіўся і прабурчэў:
— Ведаю… застрэліш…
Лясьніцкі спакойна згадзіўся:
— Калі будзеш уцякаць, застралю.
Потым Лясьніцкі ўстаў з-за стала і ў задуменьні прайшоўся па хаце. Халіма яго пасьпяшыў:
— Будзем мо‘ гаварыць?
Лясьніцкі спыніўся і, гледзячы проста ў вочы Халіму, пачаў:
— Я вось аб чым думаў цяпер, Халіма. Я думаў аб тым, як глыбока і страшна рэволюцыя жыцьцё ўскаланула. Куды і як толькі яна не параскідала людзей!.. Ворагі зрабіліся прыяцелямі, а прыяцелі — ворагамі.
— Я ня лічу цябе сваім ворагам… Мы пакуль што робім адну з табой справу…
— Я ведаю… Ты скажаш зараз пра свой бунт, пра аднаўленьне жыцьця і г. д. А вось я дык лічу цябе сваім