кола, яшчэ кінуліся туды ды сюды зьбянтэжаныя бандыты, паспрабавалі ўдарыць у рукапашку — і нарэшце здаліся. Ім загадалі скласьці аружжа, пастроілі па два чалавекі ў рад і пад моцнай вартай накіравалі ў бліжэйшую вёску. Частка армейцаў была пакінута пры раненых і забітых, за якімі павінны былі потым прыйсьці падводы.
Лясьніцкі прапусьціў міма сябе ўсіх палонных, спадзяючыся пазнаць сярод іх атамана. У адным бандыту — вялізным, аброслым купкаватай расьліннасьцю — здалося Лясьніцкаму нешта знаёмае, але той ня даў дужа сябе разглядаць — хмура адвярнуўся і прайшоў міма, шырока махаючы цяжкімі рукамі. Ды Лясьніцкаму й не да яго было цяпер — ён шукаў „Карлу“, ён ведаў, што адразу пазнае яго — як-бы ён ні зьмяніў свой надворны выгляд.
Аднак „Карлы“ ня было сярод палонных. Тады Лясьніцкі вярнуўся і пачаў пераглядаць усіх забітых і раненых. Сярод іх таксама ня было атамана. Лясьніцкі загадаў некалькім чырвонаармейцам абыйсьці лес і пільна пашукаць, можа астаўся яшчэ дзе-небудзь забіты ці ранены. Ён чакаў іх ня менш як поўгадзіны, і, вярнуўшыся, яны далажылі яму, што нідзе нікога няма. Тады Лясьніцкі сеў на каня і паехаў на вёску.
Ён загадаў выбраць з арыштаваных некалькі чалавек — з прасьцейшых — і па адным прывесьці да яго на допыт. Яму прывялі маладога — гадоў у дваццаць — сялянскага хлапца, які страшэнна спалохаўся і ніяк ня мог знайсьці месца сваім убога-асалавелым вачам. Лясьніцкі перш распытаў у яго, хто ён, адкуль, якім парадкам трапіў у банду. Хлапец на ўсё адказваў шчыра, прычым расказаў цэлую даўгую гісторыю, як ён з простага вайсковага дэзэртыра паступенна зрабіўся бандытам. Потым Лясьніцкі запытаў у яго:
— Дзе ваш атаман?
Хлапец зразу, не задумаўшыся, адказаў:
— Ён мусіць забіт ці паранен — з намі яго няма.
— А ўчора ён быў з вамі?
— Быў.
— А ў яго памочнік які-небудзь быў?