Перайсці да зместу

Старонка:Сьцежкі-дарожкі (1928).pdf/377

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Я ня хочу, каб вы ўспаміналі… Мне цяжка ад гэтага… Цяпер хай будзе ўсё іначай… каб ня злучаць адно з адным… У мяне, Васіль Данілавіч, усё-ткі жыве сваё, асабістае — яно варожае вам і мабыць… брыдкае.. Але-ж вам зусім усё роўна, што мне люба, а што нялюба — я-ж бясьсільная, хворая… Што вам за наўда, калі я буду цешыць сябе тым трагічна-неўзваротным, што вы ненавідзеце, а што я люблю… У маім жыцьці былі тады сонечна-прыгожыя старонкі — пакіньце іх мне, не адбірайце, і ня лайце за гэта мяне. Я-ж хворая, недалужная… Я-ж дажываю, а ня жыву… Я нічым, нічым не магу вам пашкодзіць…

Яна зноў узрушылася — у голасе ў яе пачуліся балючыя ноткі. І вось, як наўмысьля, у гэты самы момант нехта з мэтодычнай разьмеркаванасьцю паляпаў у сьценку з суседняга пакою. Раіса настаражылася.

— Ну?

І пачуўся спакойны, адзервянелы ў сухой бязуважнасьці, голас:

— Таварыш Янава! Заўтра вам вуліцу месьці…

— Добра!

Яна гэтае „добра“ сказала нейкім нэрвова-ўзьнятым голасам і зараз-жа заплакала — цягуча і горка, як пакінуты дзяцёнак. Лясьніцкі ў замяшаньні ня ведаў, як яе суцешыць — чамусьці пачаў гаварыць аб колектыўным жыцьці, аб правах і абавязках кожнага ў колектыве, аб усіхнай роўнасьці і г. д. Яна, вядома, ня слухала яго ўгавораў і плакала. А тады раптам усхапілася (з вачэй яшчэ буйным дажджом капалі сьлёзы) і засьмяялася ў нейкай дзіка-задорнай і горкай весялосьці:

— Ха-ха! Я ўжо мяла два разы… мяла… Гэта было нават цікава… ха-ха!.. Знаёмыя зьбіраліся, глядзелі — спачувалі нават… Я ўжо прывыкла, у нас усё па чарзе — колектыў… Васіль Данілавіч! Вы думаеце — гэта мяне заб‘е? О, не… Я спакойна, зусім спакойна… У мяне ёсьць свая будучыня — добрая, сьветлая будучыня… і такая блізкая, ясная… Хочаце знаць маю будучыню? Я пакажу вам яе, Васіль Данілавіч… Вось тут яна, тут, во зараз… во…