Перайсці да зместу

Старонка:Сьцежкі-дарожкі (1928).pdf/376

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Васіль Данілавіч… Ня кідайце сёньня мяне… Вы-ж самі выклікалі мяне на гэтую гутарку… Я баюся цяпер, я не пайду адна ў хату — я… сама ня ведаю, дзе я буду… Цэлая ноч… Слухайце, Васіль Данілавіч, глядзіце на мяне, як на хворую… Вы-ж маглі-б пасядзець каля хворай, каб вас папрасілі? Так? Я-ж хворая, цяжка хворая… Васіль Данілавіч, вы ня кінеце мяне? Мы, калі хочаце, будзем тут, на вуліцы… А потым я супакоюся…

Лясьніцкі сказаў, што ён астанецца з ёй, пакуль ёй будзе патрэбна, і яна, глыбока ўсьцешаная, сьмяялася ціхім радасным сьмехам.

Яны потым пайшлі да яе на кватэру. Лясьніцкі сам прапанаваў пайсьці, бо заўважыў, што яна дрыжыць ад вячэрняга холаду. Яна займала сапраўды зусім маленькі — поплеч з кухняй — пакойчык, у якім і мэбля была зусім прымітыўная: стол, жалезны ложак, пара крэслаў і, нейкім дзівам, невялічкая мяккая канапка. Відаць было, што яна ўжыла ўсё магчымыя спосабы, каб зрабіць у пакоі сякую-такую прытульнасьць, але ўсё роўна тут асталася карузлая, кухонная нейкая шэрасьць. Лясьніцкі, агледзеўшыся, зважна зазначыў:

— Так, у вас тут няма гэтае… сьветласьці, ружовасьці… Няпрытульна ў вас…

Яна чамусьці страшэнна засаромілася.

— Я-ж вам казала, Васіль Данілавіч, што ня трэба ісьці, бо ў мяне дрэнна. Адылі сядайце цяпер ужо ды менш разглядайце… Я зараз нешта зраблю, і будзе лепш.

Яна абгарнула лямпачку чырвонай паперай — і сапраўды выгляд пакою адразу зьмяніўся. Лясьніцкаму ўспомніўся той вечар, калі ён першы раз прышоў да яе (пявуча-ружовы сьвет, мяккі, трошачку сумны аромат, рояль і яна ў празрыстым ружовым уборы — бязьмежна-дарагая, прыгожая). Ён перамог раптоўны наплыў шчымлівага смутку і з іронічнай усьмешкай сказаў:

— Цяпер трэба рояль і сумныя ціхія мэлёдыі…

Раіса парыўчата сарвала з лямпы паперку.