Перайсці да зместу

Старонка:Сьцежкі-дарожкі (1928).pdf/373

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

казанасьць, здавалася, што круціцца яна вакол аднаго — найбольш важнага і таемнага месца, у якім сходзяцца ўсе ніткі яе жыцьця, а раскрыць гэтае таёмнае месца ня хоча ці, мабыць, ня можа.

Раіса расказала Лясьніцкаму, як яна апынулася ў цяперашнім становішчы.

— Мы павінны былі паехаць. І мы паехалі-б, каб ня тата. У той вечар — помніце? — як вы прыходзілі. Я-ж вас пазнала тады, Васіль Данілавіч… І я знала, зачым вы прышлі… Я тады страшэнна вас ненавідзела, так, як толькі можна ненавідзець… Дык вось, у той вечар мы чакалі тату — ён езьдзіў у адзін знаёмы маёнтак. Ужо былі заказаны білеты, ужо было складзена палавіна рэчаў (вы гэтага тады ня прымецілі?) — мы павінны былі выехаць назаўтра ўраньні. Але тата ня прыехаў тады, а праз два дні яго прывязьлі адтуль зусім хворага. Вось мы й асталіся. Як прышлі чырвоныя, у нас блізка што ўсё конфіскавалі, а што высталася — прышлося прадаць, каб пражыць нам з татай. Ён жыў да апошняга часу са мной — толькі тыдні з два, як паехаў на вёску. Знайшоўся нейкі стары аканом яго, дык узяў да сябе… Хворы ён зусім… А цяпер я адна…

— А дзядзька?

Лясьніцкі даўно ўжо нарыхтаваў гэтае запытаньне і цяпер пільна сачыў за тым, якое ўражаньне зробіць яно на Раісу. Яна і не зварухнулася, нават ані-ні не зьмяніла тону свае гаворкі.

— Карл Іванавіч паехаў некуды ў той самы дзень, як прышлі чырвоныя.

Яна памаўчала троху і загаварыла зноў марудным стомленым голасам:

— Цяжка жыць цяпер… У вас многа страшнога, дзікага… Я ведаю, што вы на гэта маёце нейкую рацыю… Можа нават няма тут нічога страшнога… Але я не разумею, ня прывыкла… Я з дзяцінства баялася мужыкоў. Калі прыходзілі яны гурмай у маёнтак і калі тата пачынаў на іх сварыцца, мне кожны раз чамусьці ўсплывала на думку, што яны