Лясьніцкі інстынктыўна зірнуў на Раісу — хацеў у адказ што-небудзь сказаць пра яе, але яшчэ раз убачыў, як яна паблажэла, і замяшаўся. Раіса заўважыла гэты погляд і горка ўсьміхнулася. Тады Лясьніцкі, каб выйсьці з замяшаньня, загаварыў трафарэтна і вяла:
— Ужо больш за двух гадоў, як мы ня бачыліся. Гады накладаюць пячатку на чалавека. А год у нашу пару роўны некалькі гадам — так многа прыносіць ён новага, нечаканага зьместу.
Раіса з той-жа ўсьмешкай перапыніла яго.
— Я тэта ведаю… Я па сабе магла ў гэтым пераканацца…
Яны сказалі адзін аднаму яшчэ колькі дробных нязначных сказаў, і Лясьніцкі пачуў, што трэба ўжо йсьці, каб не замінаць ёй у працы. Яго ахапіла назольліва-прыкрае нездаволеньне (гэта сустрэча не дала яму абсолютна нічога), у ім загарэлася ўпартае жаданьне бліжэй да яе прыгледзіцца, пранікнуць хоць на момант у таямніцы яе жыцьця. Ён запытаў у Раісы, як і дзе яе можна ўбачыць. Перш, чымся, адказаць, яна з скэптычнай усьмешкай зазначыла:
— Вы пэўны, што ёсьць хоць маленькая патрэба ў гэтай сустрэчы?
Ён таксама ўсьміхнуўся.
— Я не надаю гэтаму асаблівае значнасьці. Але чаму ня сустрэцца, не пагутарыць.
Раіса хвілінку падумала і адказала:
— Заходзьце ў грамадзкую сталоўку — я там палудную. А адтуль пойдзем… усё роўна, куды. Да сябе я баюся вас запрашаць, бо ў мяне цяпер няпрыгожа зусім. Я займаю ў тым доме зусім малюсенькі пакойчык…
Лясьніцкі разьвітаўся і вышаў.
ТАЯ вуліца была аблямована двумя радамі маладых пышных кляноў. Яшчэ стаялі кляны ў сваім глыбока-зялёным уборы, але ўжо насіўся над імі нявідны і нявыразны