з асаблівай прыхільнасьцю, быццам сапраўды чалавек зрабіў нешта цікавае, важнае. А што Ніна, дык тая ня ведае, што ўжо й зрабіць, як дагадзіць. Такая яна няцікавая, гэтая Ніна… І няпрыгожая, зусім няпрыгожая…
Лясьніцкі нават нахмурыўся быў, стуліўся ў панурым маўчаньні. Настрой гатоў быў зусім сапсавацца, Але схапянуўся потым, зразумеў, што так нядобра, брыдка. Дый усё роўна трудна ўстрымацца было, гледзячы на груба-жартлівую міну Халімы, каб не засьмяяцца шчырым, вясёлым сьмехам.
Як кончылася работа з перавязкай, яшчэ з гадзіну сядзелі ўсе ўчатырох у пакоі Лясьніцкага, захопленыя дружнай гутаркай, жартамі.
Спаць ляглі позна.
ЛЯСЬНІЦКІ атрымаў з вёскі ліст, напісаны нязграбнай рукой меншага брата. У лісьце было пералічана блізка паўсотні паклонаў (у самым канцы быў і ад Макрыны, ад невялічкай, чорненькай) і было ў лісьце сказана, што прадалі цялушку на корм, што хлеба хапае і ёсьць скароміна, што ходзяць чуткі аб прыбаўцы зямлі, што вярнуўся сусед Аксэнта бязногі з вайны, а Рыгор здаровы туляецца, ня хоча йсьці на вайну, што трэба лесу шукаць — разбурылася пуня зусім, і г. д. Пыталіся, ці хутка будзе мір і які будзе новы парадак. А ў самым канцы, ад сябе ўжо, мусіць, брат прыпісаў, што пракруціў на гумнішчы тры бярозы і што бярозавік сёлета дужа салодкі, добра сабраць дзежку на квас. А Макрына асабліва прасіла перадаць паклон і яна дужа маркоціцца, чакае яго…
Ужо быў канец сакавіка. Стаяла ў горадзе вясна — мяккая і туманная, поўная вільготнага паху. Разьліўся Дняпро. Лясьніцкі штодня хадзіў глядзець, як у магугна-імпэтным спакоі сунецца веліч яго, як трэцца ён аб сьцены будынкаў і пагрозна бурчыць, глытаючы задзірлівыя постаці ледаколаў.