Перайсці да зместу

Старонка:Сьцежкі-дарожкі (1928).pdf/367

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Макрына перш схапянулася, а потым (успомніўшы мусіць) утупілася і густа пачырванела.

— Няма нічога. Сёньня якраз прыходзіў Андрэй з нейкімі двума — паелі ўсё-чыста.

Лясьніцкі ўспомніў, што ў чамадане ў яго ёсьць два селядцы. Ён весела лэпнуў яе па руцэ.

— Селядца хочаш?

— Ой, як хачу!.. У нас селядцоў не даюць — гэта толькі ў войску. У нас цяпер сачыўку даюць і тараны.

Яны пачалі даставаць селядцы — ладзіць сабе вячэру.

Андрэй прышоў блізка што а дванаццатай гадзіне, Ён прынёс туга набіты портфэль і атмосфэру бязьлітасна-напорнай занятасьці. Здавалася, што з прыходам яго ўсё, што было ў пакоі, прыняло заўзята-руплівы выраз, усё засьпяшалася некуды, затурбавалася. Але не цяжарыла гэтая атмосфэра, не гняла сваёй напружанасьцю. Тут адчувалася нейкая імклівая лёгкасьць — хацелася нешта рабіць, але рабіць з жвавым разгонам, з вясёлай энэргіяй.

Андрэй прывітаўся з Лясьніцкім, потым патрымаў у раздум‘і над сталом портфэль і, нарэшце, з адчайнай рашучасьцю кінуў яго.

— Адкладзём на дзень… Ня буду ўжо працаваць сёньня… Будзем гутарыць…

Макрына зірнула на яго гарачым радасным поглядам. А Лясьніцкі, сур‘ёзна і працавіта заўважыў:

— Я буду гаварыць з табой па справе, а таму ты ўсё роўна ня страціш гэтага вечару.

Андрэй засьмяяўся.

Яны сядзелі гадзіны да трэцяй, і Лясьніцкі апавядаў усё аб сваіх вандраваньнях, аб пярэстым жыцьці сваім, поўным нечакана-яскравых прыгод і небясьпекі. Андрэй слухаў з сваёй нязьменнай — тонкай і мяккай усьмешкай, а Макрына — тая гатова была праглынуць Лясьніцкага шырока-раскрытымі, поўнымі захапленьня вачмі. Аднак разам з тым яна не забывалася ўсё-ткі шчыльна туліцца да свайго Андрэя, абнімаць яго і пяшчотна гладзіць яго вялікія дужыя рукі.