Перайсці да зместу

Старонка:Сьцежкі-дарожкі (1928).pdf/366

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Што, нудна?

— Ды ня ў тым… Проста — ладу неяк няма… А нудна — дык не… Часу няма, каб нудзіцца. Я-ж таксама працую, ды яшчэ вось, вучуся… Бачыш?

На стале ляжаў грудок кніг, адна была разгорнута — відаць, Макрына толькі што над ёй працавала.

— Ну і як вучэньне?

— А вось я ўжо дакуль прайшла арытмэтыку… Усе чатыры дзёяньні ведаю ўжо… Во, паглядзі…

Яна ў парыўчатым захапленьні пачала паказваць яму свае посьпехі — забылася нават, што ён ў шынэлі яшчэ, што рэчы яго ня прыбрадзены. А Лясьніцкі глядзеў на яе, дабрадушна ўсьміхаўся і думаў:

„Асталася такая-ж наіўная, шчырая і адданая. Яе ня можна ўявіць адну, без апоры, без праваднічага“.

Ён узяў у яе з рук кніжку, адклаў яе ў бок і запытаў з сяброўскай фамільярнасьцю:

— Ну, а як ты жывеш усё-ткі, Макрына, га? Так, наогул…

Яна зірнула на яго з лёгкім задзіўленьнем.

— Добра жыву… Працую, вучуся…

— Ну, а як… з Андрэем у вас… га?..

— З Андрэем? (Яна трошку падумала). Андрэю некалі… Мы рэдка бачымся з ім — толькі ноччу, ды й то не заўсёды… А так у нас… што-ж, ён мяне любіць, а я… ня ведаю ўжо, ці можна любіць яшчэ мацней, як я яго…

Потым яна зрабіла ўпэўнена-сур‘ёзную міну і дадала з праканалай важнасьцю:

— Гэта-ж не заўсёды так будзе. Вось толькі кончыцца вайна, установіцца наша ўлада — тады паспакайнее, ня будзе хапаньня такога. Тады й жыць будзе лягчэй…

Лясьніцкі ўсьміхнуўся, і пачаў парадкаваць свае рэчы. А кончыўшы, без асаблівай далікатнасьці напамянуў:

— Некалі ў нас быў добры звычай: калі прыяжджаюць госьці, дык частаваць іх чым-небудзь.