Перайсці да зместу

Старонка:Сьцежкі-дарожкі (1928).pdf/362

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Аб тым, што ідуць чырвоныя, паведамілі гукі оркестры, якія раптам прыляцелі адтуль, з-за Дняпра, і прымусілі натоўп замятушыцца ў новым, ужо зусім жывым і вострым, хваляваньні.

У Лясьніцкага чамусьці сьціснулася сэрца. Мімаволі зацяўшы дыханьне, ён упяў у той бок, адкуль ляцелі гукі, свой гарачы напружаны погляд. Неяк проста ня верылася, што вось зараз прыдуць свае, што прынясуць зараз сюды той дзіўны, нябачаны ў сьвеце парадак, які так многа нясе усім абяздоленым, за які з такім энтузіязмам змагаюцца і паміраюць.

Набліжаліся і гусьцелі гукі, усё з большай сілай штурхалі перад сабой разгонныя хвалі сталёвага ўздыму, улівалі ў грудзі агонь магутных непераможных імкненьняў.

Яшчэ бліжэй — яшчэ больш сілы і больш хваляваньня.

Загарэліся ў сонцы крывавым полымем чырвоныя сьцягі.

Першыя шэрагі. Людзі ў звычайнай рабочай вопратцы — з наганамі, з вінтоўкамі. У іншых кулямётныя стужкі. Гэта партыйная організацыя. У кожнага ў твары — урачыстасьць і сіла. Сіла гэта роджана колектывам — яна адна ўва ўсіх, яна вяжа ўсіх адным непадзельным і непераможным.

Музыка вырасла, абкружыла, заняла ўсю вуліцу, крыкі і песьні ў ёй патонулі — гэта таксама музыка. І таксама музыка — пагрозны гуд чорных бранявікоў, і музыка — жорсткі скрогат гарматаў, і тупат чырвоных колён — таксама музыка.

Непаўторна-прыгожая дзіка-магутная музыка!

І вось ужо на пляцу, дзе калісь блішчэлі мундзірамі і тлустымі тварамі чорная царская стаўка, разгарнуўся шырокі народны мітынг. І нехта крыкнуў каля самага вуха Лясьніцкага:

— Браткі! Сьцяг… Вунь, вунь… угары…

На гарадзкой каланчы ўжо горда лунаў яскравы чырвоны сьцяг.

А на трыбуне зусім нехта знаёмы — вялікі, неўвароткі — крычыць сіпавата-грамоздным голасам, пакрывае ўзрушаны гоман натоўпу.

— Братка! Багун! Багун, ура!.. Хай жыве рэволюцыя!..