Перайсці да зместу

Старонка:Сьцежкі-дарожкі (1928).pdf/356

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

паморшчыўся — недалужны такі, старэнечкі твар. Лясьніцкаму здаўся Матрунін зусім няпрыемным. Ён наўмысьля перапытаў груба і фамільярна:

— А вы, дзядзька, таксама, мусіць, гуляеце?

— О, не! Я іду на экстраны сход нашае партыі…

— Бальшавікоў сустракаць рыхтуецеся?..

— Хе-хе… Мы іх сустрэнем, так-так… Ого! Мы й зладзеяў можам сустрэць… Калі ласка, заходзьце ў кватэру, вось нашы рэчы… можа шклянку чаю? Хе-хе… Прыходзіцца сустракаць, даражэнькі…

Лясьніцкі заўважыў з выразным націскам:

— А некаторыя ўцякаюць…

Стары дробненька замятушыўся.

— Нам ня страшна… Мы аддалі ўсё-чыста на рэволюцыю… Больш ня маем… Выбачайце, калі ласка… Можа скуру возьмеце нашу? Хе-хе…

І ўжо заварочваючыся ісьці, ён запытаў з хітрым намёкам:

— Выж таксама, здаецца, партыйны? Га, малады чалавек?..

Лясьніцкаму чамусьці стала зусім зразумела, чаго быў Матрунін у „Карлы“. І яшчэ ўспомніў ён, як казалі яму ў організацыі, каб асьцерагаўся мясцовых „соцыялістых“, якія выдадуць хутчэй, чымся хто іншы. Лясьніцкі падумаў:

„Так. Гэткія могуць выдаць, могуць прадаць…“

Да вечара хлопцы праседзелі ў нейчым глухім затравянелым садку, у які зусім лёгка было ўлезьці праз дзіравы шчыкет і з якога добра відаць быў пярэдні фасад патрэбнага ім дома. У дом прыходзілі і з дому выходзілі розныя незнаёмыя людзі, але Карлы было ня відаць. Потым, пад вечар, на канцы вуліцы паказалася некалькі сваіх, і хлопцы вылезьлі з саду, пайшлі ім насустрэчу.

Да цёмнага сабралася чалавек дзесяць узброеных хлопцаў. Спачатку хацелі атачыць дом з усіх бакоў, але потым рашылі проста зайсьціся з-параднага ходу і ў поўным парадку, зусім формальна зрабіць патрэбныя арышты.