Перайсці да зместу

Старонка:Сьцежкі-дарожкі (1928).pdf/352

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Так… Мог быць вялікім і моцным… Вось так сьмяецца жыцьцё над чалавекам. Няма ні ў чым пэўнасьці — усё залежыць ад выпадковых і больш за ўсё недарэчных сытуацый, усяму ў любы момант пагражае сьмерць… Які здаровы ён быў радзіўся… І жыў-бы, каб ня выпадак… Страшна робіцца, жудасна… Выпадкова жывём, выпадкова паміраем… Няма нічога пэўнага, сталага…

Ніна падышла да Славіна і зьлёгку адпіхнула яго рукой.

— Ідзіце вы, Славін, ня каркайце… Ідзіце цяпер ад мяне, я хачу быць адна… Ну, ідзіце ўсе, хутчэй!

Хлопцы нерашуча пераглянуліся — ці варта кідаць яе адну? — але яна яшчэ з большай настойнасьцю папрасіла, і яны вышлі.

Пад вечар, калі ў убогай — маленечкай і нейкай сьмешнай труне нясьлі дзяцёнка на могілкі, Ніна была ўжо зусім спакойная — яна ішла са Славіным і ўвесь час аб нечым з ім гаманіла. Наогул з гэтага дня Лясьніцкі амаль што заўсёды сустракаў яе з Славіным. Ён з цікавасьцю прыглядаўся да іхных адносін, але ўбачыць у іх што-небудзь пэўнае яму не ўдавалася. Часамі паміж іх панавала цёплая прыязнасьць (з боку Ніны яна была нават асабліва выразная, падкрэсьленая), а часамі Ніна рабілася сухой і глуха-замкнёнай — тады веяла паміж іх халодная чужасьць, і тады Славін страшэнна мучыўся. Лясьніцкі дагадваўся, што гэта Ніна стараецца пакахаць небараку Славіна, і дзень-у-дзень чакаў канца гэтае цікавае гульні. Аднак, неўзабаве яму прышлося спыніць свае назіраньні, бо організацыя командыравала яго для працы на вёску.

Вандруючы па вёсках і наладжваючы сувязь з рэволюцыйнымі ячэйкамі, а часам нават з асобнымі таварышамі, Лясьніцкі пільна прыглядаўся да жыцьця сялянскае грамады, старанна вывучаў захаваныя рухі сялянскіх настрояў, рабіў падрахункі рознастайных сымпатый і жаданьняў, якімі жыло ў той час беларускае сялянства. Ён адразу пераканаўся, што тая стыхійная барацьба, якую ўзьняў на вёсцы Кастрычнік і якую з зьвярынай жорсткасьцю пяліся задушыць перш