У шэрым пакоі шэрай воўнай паклычыўся змрок — знадворку ўвайшоўшы здавалася, што ходзіць ён блытанымі бязладна-парванымі хвалямі. У змроку гэтым ціха зусім было (а чакалі нечага шумлівага, рэзкага), за сталом, узьлёгшыся шчакой на руку, сядзела жанчына. Як увайшлі, яна паволі і, здалося, зусім бязуважна падняла галаву, паглядзела на іх. Лясьніцкі ўпіўся вачмі ў яе твар, у бледны зусім ад змроку, і баяўся пазнаваць, каб не памыліцца, бо відаць было ў гэтым ацененым твары толькі нешта нявыразна-знаёмае, такое, што бачым мы ў кожным блізкім для нас чалавеку.
Жанчына ласкава іх прывітала і запрасіла сесьці. Быў адзін момант, калі, нават пачуўшы голас і пазнаўшы яе Лясьніцкі ня мог паверыць, што гэта Ніна, ня мог злучыць яе вобразу з вобразам гэтае бледнае ў змроку жанчыны — і Нінін, так добра знаёмы, голас здаўся спачатку дзіўным, неабычайным. Сталася так мабыць затым, што зусім неспадзяваная была гэта сустрэча.
Ніна гаварыла ціхім напружаным голасам:
— Я адкупіла вас за тыя грошы, што пакінуў Андрэй. Я сама надумалася гэта зрабіць, бо Андрэй яшчэ не вярнуўся… Ня ведаю, што гэта за грошы — Андрэй казаў і іх дужа бярэгчы… Але-ж, мне здаецца, за жыцьцё трох чалавек можна было аддаць іх, га?.. Як вы думаеце?..
У яе голасе чуваць была шчырая турбота. Яна ня ўпэўнена была ў тым, што зрабіла так, як было патрэбна і неабходна. Каб заспакоіць яе, Лясьніцкі сказаў:
— Тут можна разважаць толькі аб тым, ці варта было нас выручаць, ці ня варта. Што датыча спосабу — іншага быць не магло…
Тады Ніна ласкава засьмяялася.
— Ну, як гэта ня варта! А што-ж: кінуць вас — пагібайце сабе! Ого… Нам людзьмі раскідацца не выпадае… Людзі многа каштуюць…
Ніна запаліла лямпу, і дрыготнае крывое сьвятло цьмяна гадкрыла яе змучаны твар, паказала глыбока-запалыя вочы —