Перайсці да зместу

Старонка:Сьцежкі-дарожкі (1928).pdf/340

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Нарэшце сьпераду патыхнула нечым шырокім і сьвежым — выяўна адчуўся пусты там адкрыты прахон. Лясьніцкі дагадаўся, што гэта Дняпро. Ён пайшоў цішэй, зусім ціха, ледзьве пераступаючы нагамі — каб не абшаснуцца ды не скаціцца ў Дняпро, бо нічагутка ня бачыў наперадзе. Прайшоўшы яшчэ крокаў з дзесяць, пачуў ціхія галасы — зусім блізка неяк, над самым вухам. Ён хацеў моўчкі прыслухацца, але пасьлізнуўся і шумліва асыпаў у ручай камлыгу пяску.

Галасы сьціхлі, а потым нехта аклікнуў:

— Хто тут?

Лясьніцкі па голасу пазнаў, што свае, і з мімавольнай злосьцю адгукнуўся:

— Дзе вы там? Пахаваліся, ці што?

Аказалася, што хлопцы сядзелі крокі на два вышэй за яго пад нейкім хударлявым і мокрым кустом.

— Ня было яшчэ нашых?

— Не.

— А лодка?

— Стаіць у кустох.

— Колькі вас?

— Чэцьвера.

— Во што… Ідзіце па двое ў адзін і другі бок, прасачэце вартавых… Калі свой, дык будзе высьвістваць якую-небудзь песеньку. Можаце загаварыць, толькі асьцярожна… І тады — назад…

Лясьніцкі адчуваў цяпер прыемнае радаснае ўзрушэньне. Гэта-ж першы раз ён прымае ўдзел у такой важнай небясьпечнай справе ды яшчэ кіруе, дае загады — ён-жа цяпер тут галоўны распарадчык, бо Гольдзін яшчэ ўдзень перайшоў на той бок, рыхтуе там сустрэчу гасьцям.

Лясьніцкі сеў пад той куст, дзе былі хлопцы, і пачаў чакаць. Ад таго, што пасьля пасьпешнага нэрвовага руху ён апынуўся раптам у абсолютнай нярухомасьці і спакоі, хваляваньне яго яшчэ больш узмацнілася і цяжка, бязвыхадна стоўпілася ў нутры, сьціснула грудзі нейкім тупым і мулкім болем. Было трудна чакаць — марудныя хвіліны пераварачва-