Адзін апавядаў на скоры пасьпех пра люты зьвярыны ўчынак нямецкага комэнданта, другі кідаў няскладныя ад узрушэньня словы палкага закліку, трэці некага лаяў, чацьверты злосна патрабаваў аружжа.
— Досыць ужо!.. Што там такое… Засядзем во ў гэтых разлогах ды й будзем калупаць іх, чарцей… Што яны зробяць нам!
У гэтых бязладных спрэчках, у гэтым вострым распале гнеўнага абурэньня бачыў Лясьніцкі твар, змучанае, знэрваванае беларускае вёскі, гвалтам адарванае ад тае сьветлае волі, якая ўжо была разгарнулася перад вачмі раскошнымі, поўнымі цудоўнай красы прасторамі. І хацелася дужа Лясьніцкаму выйсьці ды сказаць нешта такое гарачае, агнёвае, што-б маланкай убілася кожнаму ў сэрца, запаліла яшчэ большы, нясутрыманы пажар у маладой сялянскай крыві, што-б штурхнула ўсіх на шалёна-адважнае, бязьмежна-гэройскае. Але помніў Андрэевы словы, і заместа таго вышаў і пачаў гаварыць аб асьцярожнасьці, аб тым, што трэба спакойна, разважна абдумаць кожны пачынак, прадугледзіць магчымую небясьпеку.
На тым сходзе пастанавілі маладыя сялянскія хлопцы організаваць партызанскі атрад і памсьціцца каму належыць за сялянскае дабро, за сялянскія сьлёзы і кроў.
Макрына пазнаёміла Лясьніцкага з некалькімі хлопцамі — самымі іхнымі верхаводамі — і яны ўзялі яго пад сваю апеку. Сярод іх было двое з мястэчку. Пасьля сходу Лясьніцкі пайшоў разам з імі — яны павінны былі знайсьці яму там памяшканьне і наладзіць сустрэчу з патрэбнымі людзьмі.
Макрына правяла яго да таго месца, дзе канчаўся роў, выбягаў на нізкую пустую лагчыну, сярод якой тачылася невялічкая рэчка. Разьвітваючыся, яна чамусьці захвалявалася, турботна ўтупіла ў дол закрытыя дрыжачымі расьніцамі вочы. Лясьніцкі ласкава яе запытаў:
— Ты, Макрына, нешта хочаш сказаць? Кажы, усё-роўна…
Яна ўзьняла на яго ціхі погляд, наліты трывогай і яшчэ нечым пакорным, балючым.