ліну зьмянялася ў адноснай пераважнасьці той ці другой стараны: адзін момант узмацнялася і вырастала першае адчуваньне, занімала бадай што ўсю істоту (тады гэта новае — апавяданьне яе і тое, што руку вырвала, што стаіць воддаль, не падыходзіць, палахліва чужаецца яго — усё гэта здавалася сьмешным і троху дакучным жартам), а потым з нясутрыманай шпаркасьцю раставала гэтае адчуваньне і расло другое — і ўжо Макрына была халодна-новая, зусім чужая, дзіўна было, як магла яна абуджаць у ім пяшчоту і палкае жаданьне, як магла здавацца яна блізкай, сваёй.
Лясьніцкі паспрабаваў пажартаваць, пасьмяяцца з яе гэтага неспадзяванага замужжа, дык вышла цьмяна і нудна — яна не зразумела жартаў яго, ня ўсьміхнулася нават. Яна стаяла воддаль ад яго, ля дзьвярэй, і шырока глядзела ціхімі — бяз бляску — вачмі, быццам палахліва чакала нечага. Лясьніцкі ўстаў, пахадзіў па пакою. У нутры востра ўзьнімалася едкае раздражненьне, якое паступова пераходзіла ў зайздрасьць. Яго пачынала ўжо назольліва турбаваць думка аб тым, што яна належыць другому, што яна другога лашчыла і дзеля таго, другога, адштурхвае яго, унікае яго ласкі, можа нават грэбуе ёй. Пачынаў браць свой голас — уражаны гонар мужчыны.
Лясьніцкі спыніўся перад ёй і сказаў з едкім сарказмам:
— Якая ты добрая, верная жонка… Андрэй можа ганарыцца табой…
Макрына зусім сур‘ёзна і цьвёрда адказала:
— Што я нелюдзь якая, ці што. Ці мне аднаго мала…
— А было-ж так, здаецца…
— Я таго ня любіла… я тады цябе аднаго, усё роўна, любіла…
— А цяпер любіш Андрэя?
— Люблю.
Лясьніцкі яшчэ раз прайшоўся па пакою і зноў спыніўся перад ёй, паглядзеў на яе ўсьмешліва, ласкава:
— Дык ты ўжо, Макрына, ня любіш мяне? Зусім ня любіш, ані-ні?..