Перайсці да зместу

Старонка:Сьцежкі-дарожкі (1928).pdf/329

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

хацеў палашчыць, дык яна палахліва вырвалася і потым старалася да яго блізка не падыходзіць.

За вячэрай Лясьніцкі апавядаў Макрыне пра гарадзкія навіны, расказаў пра Ніну, пра Славіна, і Макрына шчыра сьмяялася, а потым сказала ў наіўным задзіўленьні:

— Як гэта можна так сьмешна любіць? Нашто-ж яно, такое каханьне?

Лясьніцкі толькі ўсьміхнуўся.

Пасьля вячэры Макрына затурбавалася — дзе пакласьці Лясьніцкага спаць. Лясьніцкі сказаў — ні то жартам, ні то сур‘ёзна:

— Я лягу з табой.

Гэтыя словы відочна напалохалі Макрыну. Яна сьцеражліва насупілася і сказала з упартай рашучасьцю:

— Не, Васіль, я спаць з табой ня буду.

— Чаму?

Яна замяшалася троху, утупілася, іні то сарамліва, ні то пакрыўджана адказала:

— Я-ж замужам.

Чамусьці гэта ані-ні ня зьдзівіла Лясьніцкага. Мабыць, таму, што ён здаўна прывык яе знаць, як замужку. Нават шавяльнулася недзе ў нутры нядобрае эгоістычнае пачуцьцё давольнасьці, ад якога самому яму зрабілася брыдка. Ён усьміхнуўся і спакойна зазначыў:

— Ужо замужам? Скора… А хто твой муж — гэта не сакрэт?

Яна яшчэ больш сумелася.

— Ціж ты ня ведаеш… Андрэй…

Гэта было неспадзявана. Лясьніцкі спачатку не разумеў, ці гэта праўда, ці жарт і няўцямна глядзеў на Макрыну, шукаючы адказу ў рысах яе твару. Яна цяпер глядзела проста на яго сваімі чыстымі дзяцінымі вачмі і ўсьміхалася (усьмешка — тая: ціхая, горкая), Лясьніцкі ня ўтрымаўся, запытаў:

— Гэта праўда?

— Вядома, што праўда. Нашто-б я казала табе.