Перайсці да зместу

Старонка:Сьцежкі-дарожкі (1928).pdf/328

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Калі-ж потым пачала гаварыць Макрына, дык у яе нават голас дрыжэў ад пачуцьця таемнае важнасьці гэтае гутаркі, а часамі зусім пераходзіў у наіўна-заклапочаны энэргічны шопат.

— Ты якраз упару трапіў да нас. Заўтра хлопцы зьбіраюць патаемную сходку. Я цябе завяду туды і пазнаёмлю. Там усе нашы будуць.

А што будзе на сходцы? Нашто зьбіраюць яе?

— Ды каб-жа ты ведаў, Васіль, няможна зусім ужо жыць. Так прыціснулі, абабралі кругом — дыхнуць нечым. Хочуць, мусіць, нешта рабіць нашыя хлопцы. Казалі — аружжа недзе дасталі — многа, чалавек на сорак.. Ты сам заўтра даведаешся аб усім…

— Дзе будзе сходка?

— У рове. Якраз недалёчка ад нашае вёскі.

Яны з гадзіну гаварылі аб справе. Лясьніцкі памалу захапіўся гутаркай, пачаў і сам удавацца ў таемна-сур‘ёзны напружаны тон, пачаў нават шаптаць так, як і Макрына. А потым схапянуўся, зірнуў — нібы з боку — на сябе і на Макрыну, на ўсе гэтыя неабычайныя абставіны і тады страшэнна дзіўным здалося, што гэта з ёй, з Макрынай, ён гутарыць так, што зусім не глядзіць на яе, як на жанчыну, а іначай зусім, патаварыску, як раней ніколі на яе не глядзеў. І чамусьці прыкра стала, як гэта заўважыў. Ён разумеў, што дрэннае гэта пачуцьцё, недарэчнае, але ніяк ня мог перадолець яго. І куды лягчэй стала тады, як кінулі гэтую гутарку, як Макрына завінулася, каб даць яму што павячэраць.

У той час, як Макрына мітусілася па хаце, рыхтуючы яму вячэру, Лясьніцкі сядзеў і моўчкі сачыў за ёй, любаваўся яе спрытнымі, троху сарамлівымі рухамі. Яе здаровае хараство пачынала дражніць яго, спакушаць. Ён усё з большай і большай прагнасьцю ўзіраўся ў выпадковыя — з-пад вопраткі — вырысы яе стройнага цела (так блізка, горача знаёмага) і ў нутры ў яго ўзьнімаліся буяныя хвалі жаданьня. Ён неяк злавіў быў яе за руку і прыцягнуў да сябе,