Яна ўяўлялася чамусьці хмурая, замкнёная і больш турбавала, чымся вабіла. У сэрца праточваўся незразумелы страх і прадчуваньне нечага халоднага, няпрыемнага. Няясным водгукам азваліся чорныя настроі мінулае восені — у ваччу засінелі сьцюдзёныя цёмныя хвалі Дняпра.
Вёска, дзе жыла Макрына, стаяла на ўзгорку. Пад‘яжджаючы к ёй, можна было бачыць толькі некалькі акрайных сялянскіх двароў ды вялікі з гонтавай крышай будынак, абгорнуты пышнай купай зеляніны. Возьнік сказаў, што ў гэтым будынку якраз і зьмяшчаецца школа. Лясьніцкі тады адпусьціў яго, а сам пайшоў далей пеша, каб ня ўзьнімаць лішняй увагі на вёсцы. Парадны ход у школе быў забіты, і ён абыйшоў з двара, але там аказаўся замок. Ён пастаяў троху, мяркуючы, што тут рабіць, але-ткі заўважыў недалёчка нейкага хлопчыка. Ён запытаў у яго:
— Што тут, нікога дома няма?
Хлопчык з пасьпешнай жвавасьцю яму адказаў:
— Старажоўка пашла ня дзярэўню, Яна мусіць зараз падыйдзе…
Лясьніцкі хацеў запытаць пра Макрыну, але ўпару схапянуўся, падумаў з усьмешкай:
„Гэта-ж яна і ёсьць. Чым-жа яна больш можа служыць тут у школе?..“
Ён сеў на ганках і рашыў чакаць. Ужо зусім густа зьбегліся вячэрнія цені, і ўсе вакольныя рэчы страцілі выразнасьць сваіх абрысаў — паплылі ў сьцюдзяністым віханьні змроку. Закрапаў рэдкі і дробны дожджык і нагнаў яшчэ большую нудоту сваім нядбалым млявым брызганьнем. Клапатліва і нудна прагудзеў над галавой нейкі жук.
Лясьніцкі ўпаў у глухое бяздумнае аслупяненьне — нічога ня чуў, ня бачыў, не заўважыў нават, ці прайшла гадзіна, ці можа ўсяго хвіліны са тры. І вось пачуліся дробныя шпаркія крокі, цьмяна вылучылася са змроку бялясая пляма. Пачуўся спалоханы Макрынін голас:
— Хто тут?
— Гэта я.