Перайсці да зместу

Старонка:Сьцежкі-дарожкі (1928).pdf/322

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

У такія моманты Славін быў дужа шчасьлівы, а вочы яго рабіліся старымі-старымі і добрымі.

Славін не адыходзіў ад Ніны і тады, як пачаліся роды. Ён сам зьбегаў за акушэркай, дастаў яшчэ недзе крывенькую старую бабульку, бегаў у аптэку і, седзячы ў кухні, слухаў, як нема і трудна стагнала парадзіха.

Гэта пачалося з вечару і цягнулася цэлую ноч. Лясьніцкі нічога ня ведаў і таму назаўтрага, прышоўшы да Ніны, быў глыбока зьдзіўлен і ўсьцешан нечакана-новай карцінай.

Ніна ляжала на ложку — змардаваная і шчасьлівая. На яе твары млява расплыўся ціхі сьвет новай давольнасьці новага радаснага адчуваньня, а ў шэрых вачох, яшчэ марудных і вялых, відочна хацеў запаліцца любы іскрысты агоньчык. У нагах у яе (люлькі ня было) ляжала нешта закручанае ў белыя шмоткі, што неўзабаве піснула і аказалася малым Халімам. А троху воддаль сядзеў Славін, блішчэў акулярамі і сарамліва, вінавата ўсьміхаўся. Лясьніцкі чамусьці падумаў, што так павінен усьміхацца бацька, калі ў яго народзіцца першы дзяцёнак.

Ніна сустрэла Лясьніцкага слабай усьмешкай, паказала вачмі на крэсла. А яму страшэнна захацелася падыйсьці і пацалаваць яе — так цудоўна і чыста зьзяла яна хараством першага абуджэньня жанчыны-маткі. Ён сказаў аб гэтым сваім жаданьні і ўбачыў, як на бледым Нініным твары зьявілася празрыстая сьвежая чырвань. Яна сарамліва ўсьміхнулася і адказала:

— Мяне, Лясьніцкі, варта пацалаваць, бо я радзіла добрага здаровага сына/ Паглядзіце…

Лясьніцкі нерашуча падышоў да ложка і асьцярожна разгарнуў пялёнкі. Ён убачыў чырвоны зморшчаны твар з непамерна вялікім няпрыгожым носам. Яму стала гідка, і ён скоранька адышоўся. А Ніна заўважыла гэта і зрабіла від, што пакрыўдзілася.

— Вы нічога не разумееце… Мой сын дужа прыгожы… Ён важыць дзесяць фунтаў і ні каліва не падобны на Славіна… Нос не такі, і акуляраў няма…