Перайсці да зместу

Старонка:Сьцежкі-дарожкі (1928).pdf/321

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

У вольныя ад работы часы Лясьніцкі рэгулярна наведваўся да Ніны. Андрэй спэцыяльна прасіў наглядаць за ёй, бо надыходзілі апошнія дні цяжарнасьці, а яна была абсолютна адна, ня было нават каго паслаць за акушэркай. Праўда, тут вызваляў Лясьніцкага Славін. Гэты філёзоф надзіва скора пагадзіўся з быўшым замужжам і сучаснай цяжарнасьцю Ніны, прыняў гэта, як наяўны і неадхільны факт, і зрабіўся верным пажам свае каханае. Ён літаральна не адыходзіў ад яе ні на крок, карыстаючыся тым, што яна хворая і патрабуе чыйго-небудзь дагляду. А Ніна выкарыстоўвала яго з самай бязьлітаснай жорсткасьцю. Яна стала цяпер дражлівая, злая і ўсе капрызы свае, усе прычэпкі накіроўвала на беднага Славіна. А ён не разумеў таго, што гэта проста вынік яе хваробы, і прымаў да сэрца кожную дробязь. Лясьніцкі, прыходзячы да Ніны, часта засьпяваў яго тупа-застыглага ў цяжкай балючай няўцямнасьці, быццам скутага нейкім раптоўным незразумелым горам. Ніна зараз-жа выкрывала прычыну гэтага зьявішча. Яна гаварыла Лясьніцкаму раздражнёным пакрыўджаным голасам:

— Ну што ён за чалавек, гэты Славін. Вы ведаеце, Лясьніцкі, ён зусім не разумее асноў нашага соцыяльнага ладу. Ён проста змучыў мяне сваёй някемкасьцю. Лезе з сваімі дурнымі клавішамі — усе нэрвы мне папсаваў…

Ніна во-во гатова была заплакаць, Славін дапытліва і няўцямна глядзеў на Лясьніцкага, а Лясьніцкі ціха ўсьміхаўся і сам сабе думаў:

— Значыць сёньня соцыяльнымі асновамі катавала. Як дойдзе да політыкі — пачнуцца роды.

У часіны-ж, калі на Ніну находзіў добры настрой, яна, нібы ў адплату за свае ранейшыя прычэпкі, была асабліва ласкавая з Славіным. Тады яна ўважна прыслухоўвалася да кожнага яго слова, далікатна згаджалася там, дзе толькі можна было згадзіцца, і старанна ўнікала ўсякае спрэчкі. Тады яна, жартуючы, гаварыла:

— Мой дзяцёнак напэўна будзе падобны на Славіна, бо я ўвесь чае у яго ўзіраюся. Толькі каб нос быў трошачку большы… І каб ня было акуляраў…