білі многа… А ўсё — выпадак. І тут таксама ён спрычыніўся… Выпадак — аснова ўсяго…
— Які выпадак?
— Наогул выпадак. У жыцьці ўсё падпарадкавана выпадку — нічога няма сталага, незалежнага…
— Гэта што: твая новая тэорыя?
Славін зрабіў сур‘ёзную хмурую міну.
— Гэта — закон жыцьця. Гэта можна давесьці з матэматычнай дакладнасьцю. І жыцьцё само мне гэта адкрыла. Я раскажу, калі хочаш…
Лясьніцкі зацікавіўся.
— Гавары, будзем слухаць.
— Я тры разы быў пад расстрэлам, Мая школа вёрст сем ад Дняпра. Я хадзіў нешта на гэты бок (тут палякі стаялі) і, варочаючыся назад, папаў у чырвонагвардзейскі атрад. У іх парадак такі — усіх затрымліваць. Мяне абшукалі, дапытвалі і нарэшце камандзір загадаў расстраляць. Але ўступіўся яго памоцнік — пачаў са мной гаварыць, распытваць, знайшлі мы агульных знаёмых — ён давёў таму камандзіру, што я зусім ня шпіён, а звычайны настаўнік. Мяне выпусьцілі. Наказалі, каб больш не пападаўся, бо гутарка будзе кароткая. Праз тыдзень я зноў быў на гэтым баку (была нейкая пільная патрэба) і варочаўся ўжо зусім іншай дарогай, баяўся, каб ня трапіць зноў у той самы атрад. Аказалася, што атрад той зьмяніў сваё становішча і я акурат у яго залучыў. Мяне зноў прывялі да таго сярдзітага камандзіра. Гэты раз ён не распытваў — адразу аддаў загад расстраляць. Мяне павялі два чырвонагвардзейцы. Мне было страшэнна дзіўна і няпрыемна слухаць, як яны, ідучы, умаўляліся, што каторы возьме з маёй вопраткі. Са мной яны не загаварвалі, не зьвярталі на мяне ніякай увагі — мусіць забыліся, што я яшчэ жывы і магу гаварыць. Мы ўжо дайшлі былі да самага месца расстрэлу, калі раптам дагнаў нас чырвонагвардзеец і сказаў, што камандзір адмяніў загад. Мяне павялі назад. Чырвонагвардзейцы былі страшэнна нездаволены, што я забраў іхную вопратку. Камандзір яшчэ палаяў мяне