Перайсці да зместу

Старонка:Сьцежкі-дарожкі (1928).pdf/310

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Перад вачыма Лясьніцкага разгортваліся прыгожыя малюнкі гэройства, адважнасьці, страшных небясьпечных прыгод. Яны вабілі сваёй вострай неабычайнасьцю, сваёй прыгожай романтыкай. Яны ўзьнімалі ў нутры непакойнае хваляваньне, палкі імпэт да барацьбы, да гэройства — яны палілі ў сэрцы агонь новага гарачага захапленьня.

Лясьніцкаму здалося, што ў той вечар ён стаў другім чалавекам. Прад ім адкрыўся просты, яскрава асьветлены шлях, і ён гатоў быў сьмела і рашуча пайсьці па ім — яго ані-ні не палохала тое, што шлях гэты йдзе праз агонь і кроў, што там на кожным кроку падсьцерагае чорная небясьпека.

Ён быў рад, што знайшоў сабе месца ў жыцьці, знайшоў той пункт, вакол якога можна снаваць пачуцьці, думкі, імкненьні, на якім можна пабудаваць стройны будынак свайго сьветаадчуваньня.



ГЭТАЯ сустрэча з Андрэем, гэтая глыбока-шчырая гутарка вызначылі далейшую плынь жыцьця Лясьніцкага. Ён астаўся ў горадзе і цалком удаўся ў рэволюцыйную работу. Яму знайшлі нейкую дробную і страшэнна недарэчную службу, сутнасьці якой ён, як ні пяўся, ня мог уявіць (нешта ні то гандлёвае, ні то прасьветнае). Але пэнсію атрымліваў, і гэта давала некаторую магчымасьць жыць і працаваць. Кватэру знайшоў ён сабе ў тым раёне, дзе жыла Ніна.

Панаваньне дзікіх легіонаў пана Доўбар-Мусьніцкага цягнулася ня доўга. З захаду цяжкой жалезнай хадою сунулася нямецкая армія. Адна банда чорных драпежнікаў павінна была саступіць з дарогі перад другой, бо гэтая другая была большая і мацнейшая. Некалькі дзён была ў горадзе нэрвовая сумятня — недалужна кідаліся туды ды сюды асалапелыя ваякі харобрага корпуса, у хаплівай пасьпешнасьці ірвалі апошнія кветкі свайго панаваньня. Потым зьнецікі выліп на сьценах паважны загад нямецкага комэнданта,