цэлага сьвету. Гэта — вялікае абуджэньне народнага духу, народнае волі, гэта — вялікае народнае ўваскрасеньне. Колькі было сьлёз, колькі нядолі, колькі бязьвіннай крыві!.. Ты падумай, Лясьніцкі, прыслухайся да музыкі гэтых слоў: — свабода, роўнасьць, братэрства… Ці чуеш ты, колькі хараства — гордага, высокага хараства ў гэтых словах… А што яны значаць? Ведаеш, Лясьніцкі, што яны значаць? Яны значаць тое, што твой бацька — мужык, лапцюжнік — ровен з вяльможам, з князём, з генэралам, з кім сабе хочаш… Усе — грамадзяне, усе — вольныя, роўныя, усе — браты… Нездарма-ж усе так рады, нездарма-ж такое сьвята ўва ўсіх… Бачыў, якое было захапленьне ў гэтых людзей, якая шчырая радасьць?.. Ведаеш, Лясьніцкі… рэволюцыя — гэта вялікае ўсеагульнае сьвята, гэта — самае ўрачыстае, самае сьвятое вялікадня… Я чуў, як сягодня хрыстосваліся. Адзін кажа: — Народ уваскрос! А другі адказвае: — Ваісьціну ўваскрос!.. Як многа ў гэтым поэзіі!..
Славін на хвіліну змоўк. І, нібы скарыстаўшы гэту маўчанку, устаў раптам Халіма, устаў нязграбна, з шумам, з грукатам, і, не сказаўшы ні слова, вышаў з пакою. Відаць, вышаў сярдзіты, узрушаны, бо моцна стукнуў дзьвярмі.
Славін няўцямна зірнуў на Лясьніцкага.
— Што гэта з ім?
Але Лясьніцкі ня ведаў і сам, што гэта значыць.
— Нешта выдумаў, пэўна. Гэта-ж ня вышла ў нас сёньня…
— Што ня вышла?
— А! Ты, праўда, ня ведаеш. Толькі, брат, пад вялікім сакрэтам…
І Лясьніцкі, саромячыся, расказаў яму ўсю гісторыю з іхным антысэміцкім выступленьнем, з яго романтычным пачаткам і трагі-комічным канцом.
Славін дабрадушна сьмяяўся, а разам з ім і Лясьніцкі. Гэты анэкдот Славін так растлумачыў:
— Трэ‘ працаваць. Рукі сьвярбяць, просяць нейкай сур‘ёзнай дзейнасьці. Пачакайце, знойдзецца праца. Мы цяпер народу патрэбны…