Перайсці да зместу

Старонка:Сьцежкі-дарожкі (1928).pdf/308

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

чай. Потым Андрэй гаварыў аб рабоце сваёй організацыі, аб агульным стане рэволюцыі, аб посьпехах і незадачах у барацьбе. Ён многа гаварыў і таго, аб чым ня раз ужо чуў Лясьніцкі, але цяпер Лясьніцкі ўспрымаў усё неяк іначай, пановаму. Усё прахадзіла скрозь прызму ім самым перажытага, усё станавілася зусім блізка да яго, у сфэру яго асабовага жыцьця, яго інтарэсаў. Для яго асаблівай значнасьцю насыціліся цяпер словы „мы“, „яны“, „нашы“, „іхныя“. Ён паўтараў іх часьцей, чым трэба было, ён адчуваў у іх нешта важнае, моцнае і надзвычайна для яго патрэбнае.

Увесь той вечар Лясьніцкі быў у радасным захапленьні. Яму страшэнна хацелася быць шчырым — ён гатоў быў сёньня раскрыць усю істоту сваю, усё жыцьцё сваё паказаць, каб бачылі ўсё, як ён дайшоў да свае радасьці.

Так проста ўсё, зразумела. Нашто тыя бясплодныя мудраваньні? Дзьве людзкіх грамады зачалі і вядуць сьмяротную бойку. Вонках ня станеш ад іх — завіруха ўцягне ўсё роўна. Значыць — адно з двух: або ісьці з сваімі, дамагацца разам волі і шчасьця — сабе, бацьку, маці, сялянам, работнікам, — або здрадзіць сваім, перакінуцца ў чужы варожы лягер. Толькі ня плысьці так недалужна па хвалях, як адарваная з роднага дрэва галіна, ня блытацца ў бурлівай імгле завірухі. Змагацца, аддаць усе сілы, удацца цалком у гэты рашучы сьмяротны бой!

— А потым, Андрэй, як пераможам, тады-ж зусім пановаму будзем жыцьцё завадзіць. Зусім-жа будуць другія парадкі… Мусіць, дужа будзе прыгожа тады і добра.

Ніна сьмяялася — шчыра так, пасяброўску.

— Андрэй! Гэты-ж Лясьніцкі дык чысты дзівак. Яму ўсё трэба памацаць — іначай ён веры ня йме. Як той Хомка няверны. І яму ўсе здаецца, што ён Амэрыкі адкрывае… Сьмяхоцьце!..

Андрэй чамусьці загаварыў аб філёзофіі.

— Вось яшчэ з гэтай філёзофіяй. Шукаюць іншыя нейкага найвышэйшага сэнсу, нейкіх глыбокіх тлумачэньняў, ісьцін — тужацца, пнуцца, або ходзяць ды зоркі лічаць, ды