Перайсці да зместу

Старонка:Сьцежкі-дарожкі (1928).pdf/305

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

рываньня, ці дасьць вольны кірунак зьбітым у неразьвязны клубок думкам і пачуцьцям?

Андрэй глядзіць у вакно ў цьвёрдай задуме — у яго цьвёрды твар, усьмешка зьбегла з вуснаў і зьбегла звычайная мяккасьць — густое цягучае сонца абліло яго крывянай чырваньню, паглыбіла рысы твару, зрабіла іх рэзкімі, акамянелымі. Не, такому Андрэю Лясьніцкі нічога ня скажа, хоць і сорамна будзе, сьмешна, што дарма толькі бег, сьпяшаўся.

Ніна мусіць пачула цяжар залішне доўгай паўзы, засьмяялася проста і весела:

— Ці-ж затым сышліся, каб маўчаць, га? Ай вы бяз слоў размаўляеце, аднымі думкамі?

Андрэй ледзь-ледзь усьміхнуўся і, ня кідаючы глядзець у вакно, загаварыў:

— Сёньня дзіўна сонца заходзіць. Усё неба на захадзе быццам у крыві. Сапраўдная — гарачая, сьвежая кроў. Агонь і кроў, як у жыцьці. Агонь і кроў — гэта сымбаль нашага часу. Помніш, Васіль, наш першы агонь? Там ня было яшчэ крыві, а ты ўжо спужаўся быў. Помніш? Ха-ха… А цяпер, брат, усё загарэлася. І кроў палілася — многа будзе крыві, яшчэ будзе ліцца, можа доўга яшчэ… Што-ж, братка, трэба змагацца, здабываць жыцьцё — хто-ж захоча бяз бою загінуць! Ну, апавядай, Васіль, дзе бадзяўся, што рабіў, што мусіш рабіць — рэж усё-чысьценька.

Ён адкрыта зірнуў на Лясьніцкага шырокім сяброўскім поглядам, і гэты погляд раптоўна абудзіў у Лясьніцкага цёплую даверлівасьць, жаданьне сапраўды ўсё расказаць, што прысьпела яму ў жыцьці, што абурыла цэлай навалай новых, дасюль нязьведаных пачуцьцёў і перажываньняў. Толькі-ж ці варта казаць аб усім? Ці захоча, ці будзе ёй слухаць? І ці будзе толк які з гэтага?

Андрэй заўважыў яго нерашучасьць і наўмысна, каб паказаць, што ён стала і надоўга прыладзіўся слухаць, перасунуў крэсла, выгадней сеў і спакойна заўважыў:

— Ну, значыцца, пагамонім — балазе цэлы вечар вольны… Нінка! Скоч ты да гаспадыні — хай самавар наставіць…