сьмехам і сваркай, з вазонамі і мандалінамі, з сьпелымі, заўсёды гатовымі да замужжа, дзяўчатамі. Ад таго, што косы вячэрняга сонца зусім нізка слаліся па завулках і былі наіўна-простыя, хатнія, ад таго, што недзе рыкалі каровы, — гэты раён цяпер здаваўся дужа падобным на вёску.
Ніна спынілася каля варот аднаго мізэрнага доміка.
— Сюды, у фортку.
У Лясьніцкага ні з таго ні з сяго забілася сэрца. Ён стаў хвалявацца — здалося чамусьці, што тут адбудзецца нешта важнае, непаўторнае, што тут чакае яго нейкае вялікае і глыбокае ўзрушэньне.
Нашто яму трэба было бачыць Андрэя?
Яны ўвайшлі праз чорны ход у кухню, і Ніна, ласкава прывітаўшыся з гаспадыняй, паляпала ў нізенькія цямнявыя дзьверы.
Андрэй быў адзін. Як увайшлі, ён сядзеў, узьлёгшыся рукамі на стол, і трудна было азначыць, ці ён што рабіў перад гэтым, ці проста сядзеў так, думаў аб чым. Сустрэў ён іх энэргічна-спакойнай усьмешкай, скрозь якую сьвіціўся (як і раней, як і заўсёды) мяккі цень таемнасьці. На Лясьніцкага зірнуў ён з такім выглядам, быццам ані-ні ня зьдзівіўся яго прыходу, быццам і чакаў гэтага, лічыў гэта зусім натуральным і зразумелым.
Ніна адразу кінулася на ложак, пачала шумліва, шырока аддыхвацца.
— Ух… замарыў мяне… такі бязьлітасны… бяжыць, як конь… бусел гэты… Вось прывяла табе, Андрэй, валацугу — хацеў пільна бачыць цябе. Як прышоў, так і патурыў — нібы там хто памірае… Ну вось, калі ласка… Мне, Лясьніцкі, можна тут быць, ці пакінуць вас адзін на адзін? Можна? Дзякую, бо мне трэба адпачыць… замарылася…
Лясьніцкі моўчкі разглядаў Андрэя (Андрэй, у нейкай цьвёрдай задуме быў адвярнуўся к вакну) і думаў: ці выкажа ён гэтаму чалавеку тое глыбокае, балючае, што нарасло на сэрцы дзікім каменем, што гатова выліцца ў бурнае агнёвае парываньне? Ці адкрые гэта гутарка жывое выйсьце для па-