Перайсці да зместу

Старонка:Сьцежкі-дарожкі (1928).pdf/301

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Кончыўшы расказваць, ён пачаў з нейкай ненатуральнай стараннасьцю разьдзьмухваць агонь — мусіць хацеў схаваць сваё хваляваньне, — потым устаў і пайшоў за дрыўмі.

Хлопцы ляжалі ў напружаным нямотным маўчаньні. Лясьніцкаму здалося, што недзе ў чорнай цішыні лесу пранёсься глухі прыдушаны енк. Можа гэта дзе-небудзь завыла сава? А мо‘ яшчэ не расталі ў вушшу адгалоскі таго, што давялося пачуць там, у воласьці?

Нешта балюча сьціскала сэрца, нешта гняло тупа-навіслым цяжарам. А ў галаве засела адно назольлівае, нявыводнае:

— Дзе мяжа гэтым зьдзекам? Дзе мяжа гэтай лютай варожасьці, гэтай жорсткай бязьлітаснай барацьбе? Ці ёсьць такія законы людзкасьці, якія-б маглі стрымаць крывавы шал гэтае барацьбы.

І сам сабой выплываў адказ, вырастаў з нутра, як страшны, але нямінучы вынік усяго перажытага:

— Бязьмежная гэта варожасьць, і бязьмежная барацьба! І няма для яе ніякіх законаў і правіл, бо барацьба: гэта на жыцьцё і сьмерць. Яна падзяліла ўсё чалавецтва на два сьмяротна-варожыя лягеры — паміж іх ня можа быць міру, ня можа быць ладу. І ніхто ня стане воддаль ад іх, ніхто ня міне барацьбы.

— Хто ня з намі, той супроць нас!

Вярнуўся незнаёмы, падклаў дроў у вагонь і сеў у ранейшай паставе — маўклівы і задуменны. У гэты момант недзе зусім блізка запела, пачуўшы раньне, нейкая птушка. Тады Лясьніцкі ўспомніў пра казку перавозьніка Саўкі, пра дзіўную Іванькаву дудку.

Ці не яна гэта, тая чароўная дудка, узбудзіла народ, узьняла яго, каб пастаяў за праўду, за шчасьце? Ці не за ёй гэта так ашалела ганяецца панская зграя, на сьмерць перапалоханая яе дзіўным магутным іграньнем?

Яны праляжалі моўчкі аж да самага золку. Ніхто і вокам ня зьвёў у гэту кароткую вясновую ноч. А як занялося на зару, незнаёмы запытаў у хлопцаў:

— Вы куды цяпер пойдзеце?