Перайсці да зместу

Старонка:Сьцежкі-дарожкі (1928).pdf/300

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

І дзед наш, ваяка, застаўся там… Ну, а што было далей… эх, нядобра хлопцы, было… Ня мне-б пра гэта казаць, а ня вам слухаць…

Ён змоўк на хвіліну, стаў раскурваць піпку. Балюча заныла едкая цішыня, хацелася, каб скарэй пачаў ён зноў гаварыць, каб ня мучыў цяжкім маўчаньнем. А як стаў гаварыць, пужаў яго голас — ненатуральна цьвёрды, сьціснуты нейкі, страшна было, каб не парваўся ён, каб не прабіліся скрозь яго напружаную сьцісласьць нясьцерпна-пякучыя мужчынскія сьлёзы.

— Перш-на-перш пачалі рабаваць. Клалі на падводы ўсё, што толькі мела якую цану, і вывазілі. Падушкі, адзежу, збожжа, сьвіней, кур — усё-чысьценька. А тады падпалілі. Нія было ветру, дык хадзілі і падпальвалі кожную хату, кожны будынак. Спалілі ўсё дашчэнту, бервяна не асталося. А з людзьмі што рабілі… Былі на вёсцы, аставаліся яшчэ некаторыя — не хацелі ісьці ад дабра ад свайго. Дык лавілі, зьдзекваліся, выраблялі, што толькі хацелі. Як рабавалі, дык лавілі мужчын і запрагалі ў калёсы, вазілі на іх іхнае-ж дабро. Вазы накладалі, як на каня, а калі ня браў каторы везьці — білі бізунамі, прыкладамі, калолі шаблямі. А потым, як запалілі, кідалі жывых у вагонь, заганялі бізунамі… Старых, жанчын — усіх, хто толькі трапляў пад рукі… Сына майго… семнаццаць гадоў… уцякаў ён ад іх, ад зьвяроў, убіўся некуды ў пуню, у дровы… дык падпалілі… жывога… і пахаваць не давялося… Жонку забілі, двое сірот пакінулі… недзе ў чужых… хто іх там ведае… А пачалі-ж потым нас шукаць. Усе лясы паабнікалі, усе разлогі… Дзе толькі знойдуць каго маладога — б‘юць, страляюць. Людзі нашы з сем‘ямі былі ў адным ляску сабраўшыся. Дык і там ня далі спакою. Наехалі, пачалі й тое адбіраць, што з сабой увалаклі. Падушкі з-пад дзяцей хапалі. А дазналіся, чые былі ў паўстанцах, — пачалі сеч. Двух мужчын да сьмерці засеклі. Потым яшчэ што надумалі — на ўсю акругу загад далі, каб ня прымалі нікога з нашае вёскі… Так і бадзяюцца некаторыя — галодныя, голыя… А іншыя падаліся куды-небудзь… У старцы многа пайшло… Хто ўжо ведае, як яно будзе далей…