Перайсці да зместу

Старонка:Сьцежкі-дарожкі (1928).pdf/30

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Як ужо добра Лясьніцкі ахамянуўся, яго пад рукі вывелі са двара і павялі на кватэру да Славіна, бо той жыў тут недалёчка, усяго праз адзін квартал.

У Славіна пакойчык быў зусім нейкі бязладны. Здаецца, ня было тут ніводнае рэчы, каб яна была на тым месцы, дзе ёй прызначана быць. Ложак стаяў у яго ля вакна, у той час, як стол — каля цёмнае сьцяны, прычым абодвы стаялі коса, няроўна, быццам наругаліся гаспадару, дэмонстрацыйна паказвалі сваё няслухмянства. На ложку ў Славіна ляжаў цэлы груд кніг. Як прышлі, ён адразу пачаў іх прыбіраць, складваючы на крэслы, каб даць легчы Лясьніцкаму. Потым перакладаў іх з крэслаў на скрыню, каб даць сесьці іншым хлапцом.

У пакоі было цямнява — адно мізэрнае вакенца выходзіла ў двор. Ад таго, што быў такі рэдзенькі змрок і бязладзьдзе вакол, і хлопцы ўсе так далікатна, прыветна з ім абхадзіліся, і ў галаве балела зусім паціхеньку, нейкім салодзенькім болем, — стаў у Лясьніцкага прыемна-ўзьняты настрой, які бывае ў хворага, калі ён здаравее. Усё здаецца тады прыемным, быццам усё — сваё, роднае. Калі расказалі Лясьніцкаму пра тое, як яго ратаваў Славін, ён шчыра сьмяяўся. І скрозь сьмех у яго ледзь чутна зьвінелі сьлёзы радасьці і сымпатыі — любіў ён у гэту хвіліну Славіна з яго кнопачкай, з акулярамі, з яго бязладзьдзем дзівачлівым.

Праз поўгадзіны разышліся хлопцы. Астаўся толькі Халіма, які сядзеў у кутку і чамусьці ўпарта маўчаў. Славін сеў каля Лясьніцкага і пачаў ціха, нясьпешна яму гаварыць. Яго мяккі голас закалыхваў і разам з тым не даваў заснуць, Гэта быў асаблівы нейкі стан, нейкая салодкая ясная дрэма, праз якую зусім акрэсьлена праходзілі словы і думкі Славіна. Мабыць, блізкі да гэтага бывае стан пад гіпнозам.

Славін гаварыў пра рэволюцыю, пра гора народа, пра змаганьне, пра гібель у гэтым змаганьні дзесяткаў, соцень і тысяч лепшых людзей, пра імкненьне да сьветлае волі, да прыгожага шчасьця.

— Мы жывём у вялікія дні. Гэтыя дні будуць векапомнымі для нашай краіны, дый ня толькі для нашай — для