Ды яшчэ б‘юць — нашто браў панскае дабро. А той каторы і блізка ня быў. Потым пачалі ганяць на работу — чыста прыгон вярнуўся. І араць, і гной вазіць, і парк, і сялібу ўсю падчышчаць… Ну, дзе-ж там вытрымаеш! Ды, калі што, — розгі, шампалы! Слова скажаш — а, бальшавік! — і ўзялі на рэмус… Было ў нас на вёсцы два матросы — расхадовыя хлопцы! — дык з іх усё занялося. Пачалі народ бунтаваць, аружжа недзе дасталі, набралі хлопцаў з паўсотні ці больш. Прыяжджаюць нёшта чалавек з дзесяць палякаў (лес трэба было пані прыбраць, гальлё павывезьці), а ім замест усяго далі такога гасу, што — дзе толькі дзеліся! Старэйшага і двух салдатаў забілі. Ну, тут і пайшло… Пад вечар у той-жа дзень наступала на вёску паўтараста палякаў. На вёсцы падняўся гвалт, лямант. Усе ўцякаюць — хто на кані, забраўшы якую лахманіну, хто пехатой, абы самому ўцячы. Ну, нашы хлопцы стаяць, не палохаюцца. З старэйшых хто-які далучыўся (пайшоў і я ўжо тады), чакаем сабе, рыхтуемся. Ну й што-ж вы думалі — адбілі. Ды мала таго… Прагналі іх, а тады ўдарылі на маёнтак. Паны ўсе — драла, палякі (стаяла там дзесяткі два) — драла. А мы падпалілі маёнтак ды самі назад. Гарыць маёнтак, палае, а тут — крык, гармідар, плачуць бабы, дзеці, усе сьпяшаюцца, уцякаюць — ведаюць усе, што ня будзе дабра. І вось той ноччу пасунуліся на нас з двух бакоў палякі. Поўныя два батальёны пайшлі — затрашчэлі стрэльбамі, кулямётамі. А нас з кожнай хвілінай меншае: каго заб‘юць, а то самі ўцякалі ўжо, бачылі, што дзела дрэнь. Асталося нас так чалавек з трыццаць. Дык усё-ткі да сьвету трымаліся. Каб паказаць, што нас многа, перабягалі ўсё з аднаго месца ў другое — балазе цёмна, ня відаць ім — ды й смалілі бесьперастаньня. А залачком не заўважылі, як падышла да самае вёскі іхная разьведка — чалавек сорак. Схапянуліся, смалянулі з-за вуглоў — яны, бачым, замяшаліся троху. Вось тут — быў у нас дзед адзін, стары салдат — выскачыў ён ды як закрычыць — гура! за мной! Кінуліся ў рукапашку, прагналі. Ну тады ўжо бачым, што не паласа — бокам, бокам ды й драпанулі. Палавіна дабегла да лесу, а палавіна лягла пад кулямі.
Старонка:Сьцежкі-дарожкі (1928).pdf/299
Выгляд