Перайсці да зместу

Старонка:Сьцежкі-дарожкі (1928).pdf/298

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ўсё-чыста, што толькі бачылі і перажылі за апошнія дні. Ён слухаў з глыбокай цьвёрдай увагай, і ў залежнасьці ад зьместу гаворкі то хмурыў свае густа-чорныя бровы, то панура ківаў галавой, то ўсьміхаўся — хваравіта і сумна.

Кончылі хлопцы расказваць і на нейкі час змоўклі ўсе — у сьцеражліва-застыглай цішы выразна адзначыўся дробны трэск агню ды недзе заплакала сава адзінотным горкім дзяцёнкам. Хлопцы з затоенай цікавасьцю сачылі за незнаёмым мужчынам, за кожным яго сур‘ёзна разьмераным рухам — нечага напружана чакалі, глыбока заінтрыгаваныя яго таемнай маўклівасьцю.

Незнаёмы сьпёк на агні сваю птушку і моўчкі падзяліў яе на тры часткі. Хлопцы не адмаўляліся — з ахвотай прынялі яго пачастунак, пачалі жадліва есьці — яны добра пасьпелі ўжо выгаладацца.

Павячэраўшы, незнаёмы закурыў пійку і, выгадней прыладзіўшыся каля агня, нярухома пусьціў некуды ў бок пусты нявідушчы погляд. Здавалася — нешта перабіраў ён у сваёй станавітай памяці, нешта шукаў у ёй з спакойнай абыклай стараннасьцю. Ясна стала, што зараз пачне ён нешта расказваць і раскажа толькі цікавае, важнае — глупства якога ёй ня будзе казаць, не з такіх.

І вось расказаў незнаёмы мужчына адну страшную трагэдыю, разгарнуў невялічкі кавалак жыцьця, які сабраў у сабе ўсю чорную жудасьць жорсткай няпраўды, усю лютую сілу адвечнай варожасьці.

— Вёска мая была недалёчка тут, вёрст якіх шэсьць ці сем. Ну, што там казаць: за бальшавікамі ўзялі троху вольнасьці — лес там, зямля ды й сялібу панскую троху чапілі. Паня ўцякла, разумеецца, і сын яе, і камісар. А потым кінулі нас бальшавікі, запанавалі гэтыя легіоны. Ну, тут ужо й пайшло, пачалося. Вярнулася паня з усёй сваёй хэўрай і давай спаганяць. Легіоны сабе, яна сабе — пайшло такое разбойства, якога і сьвет ня бачыў. Езьдзяць гэта па вёсках — паніч з афіцэрамі, з легіонамі разьяжджае — што пакажа, тое й бяруць. Хай-бы сваё, а то-ж пачалі забіраць усё, што толькі спазрыцца.