Перайсці да зместу

Старонка:Сьцежкі-дарожкі (1928).pdf/297

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

гэтым бурвалкам будзе абавязкова дарога. Яшчэ можа крокаў з дваццаць якіх.

Яны яшчэ троху прайшлі, і Лясьніцкі пераканаўся, што ня толькі дарогі, а й бурвалка тут ня было аніякага. Тады зноў спыніліся і пачалі меркаваць, як наладзіць сабе начлег. У часе гутаркі Халіма раптам сьціх і застыгнуў, напружана ўглядаючыся ў цемру. Потым весела таўхануў Лясьніцкага.

— Агонь!

Сапраўды, прайшоўшы з гоні, яны вышлі на невялічкую прагалінку, сярод якой быў раскладзен агонь. Тут быў цудоўна прытульны зацішны куточак. Дрэвы і кусты абгароджвалі прагалінку шчытнай, быццам наўмысьля зробленай сьцяной, па якой дрыготна бегалі калматыя, парваныя водблескі агню і вырывалі з цемры дзівосна-пераблытаныя жмуты голага вецьця.

На вялікае дзіва, каля агню ня было ніякага жывога стварэньня, Хлопцы пастаялі троху ў нерашучасьці, а потым усё-ткі адважыліся і падселі к агню. Падумалі, што гаспадар агня адышоўся ў лес за гальлём. Аднак, прайшло хвілін пяць, потым дзесяць, пятнаццаць, а ніхто ня прыходзіў. Хлопцы ўжо й перасталі чакаць, выгадна разьлягліся каля агня і з вясёлай жартлівасьцю пачалі перабіраць свае нядаўныя прыгоды. Тады раптам рассунулася вецьце і на прагаліну вышаў чалавек. Ён здаўся адразу Лясьніцкаму нязвычайна кудлатым і страшным — мабыць, здалося гэта ад фантастычнай гульні дрыготных водблескаў. У аднэй руцэ чалавек трымаў стрэльбу, а ў другой — торбу і на палавіну абскубленую нейкую птушку.

— Я прыглядаўся, хто вы такія… Нічога, нічога, ляжыце…

Ён спакойна падышоў к агню і, заняўшы вольнае месца, пачаў даскубваць сваю птушку. Цяпер Лясьніцкі ўбачыў, што гэта — буйны і дужы мужчына, з прыгожым тварам, поўным троху пахмурае мужнасьці, з энэргічнай — чорнай і кароткай расьліннасьцю.

— Я чуў, як вы гаманілі тут… Дзе гэта было, далёка?..

Хлопцы пачалі тлумачыць, дзе гэта было, няўпрыметку перайшлі на апісаньне самых падзей і расказалі яму пра