Перайсці да зместу

Старонка:Сьцежкі-дарожкі (1928).pdf/295

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

дай запытаўся, за што іх узялі. Халіма расказаў усё, як было, і „пан Пясоцкі“ задуменна зазначыў:

— Хто яго ведае, што там будзе. Мы — што… Мы робім, што нам загадаюць…

Увайшлі ў лес. Тут адразу пачулася, што дзень падыходзіць к канцу — косы барвянага сонца мазалі толькі макушкі дрэў, а ўнізе стаяла цьмяная муць. Паміж дрэў ужо гатовы былі зьвінуцца першыя згусткі вячэрняга змроку.

„Пан Пясоцкі“ чамусьці змоўк, пачаў турботна сапці, мычэць, мармытаць нешта сам з сабой. Потым зьвярнуўся да маўклівага таварыша:

— Што, пан Быліна, ці ня панна Адэля прымусіла так сумаваць?

Той маркотна ўсьміхнуўся, але нічога не адказаў. Прайшлі яшчэ троху моўчкі. Вусаты зноў зьвярнуўся да „пана Быліны“.

— Як, пан Быліна, дзён пяць давядзецца патраціць, ня йначай?

Той моўчкі ўздыхнуў. Яшчэ прайшлі троху. Яшчэ вусаты памуліўся, памычэў троху і зноў сказаў, але ўжо зусім няўпэўнена:

— А каб узяць ды вярнуцца назад, га?..

Халіма да-рэчы ўставіў, быццам — так сабе, між іншага:

— А чаго-б вам з намі вантэжыцца… Вярнуліся-б, ды й па тым…

„Пан Пясоцкі“ зрабіў від дужа хітрага чалавека і засьмяяўся:

— Хе-хе-хе… Іш ты, куды заварачвае… Я, брат, бачу цябе навылёт… А з вамі што зробім?

— А мы ўцячом.

— Э не, галубец, на гэтым ня выедзеш…

— Ну, адбяром у вас вінтоўкі…

— Зусім кепска… Прападзём!..

І вось тут азваўся маўклівы і лятуценны Быліна:

— Можна сказаць, што партызаны адбілі, гэта-ж не пяршыня…