скую гаспадарку, пачаў лаяць тутэйшых сялян за тое, што ня ўмеюць хадзіць каля зямлі. Халіма тады запытаў у яго:
— А ў вас хіба ня так гаспадараць?
Ён змоўк, быццам разважаючы, ці варта гэта завадзіць гутарку з арыштаваным, ці не. Але натура перамагла — ён пачаў апавядаць, як працуюць у іх на зямлі, колькі маюць прыбытку і г. д. Гаварыў спачатку сярдзіта, быццам нехаця, а далей захапіўся і забыўся зусім, што гаворыць з арыштаваным, што трэба трымаць з ім жорсткі, сур‘ёзны тон. І завязалася ў ім з Халімам заўзятая гутарка, якая неўзабаве ўвяла вусатага ў самы дабрадушны настрой. Праз хвілін дзесяць ён пачаў ужо выкладаць сваю аўтобіографію, у першую чаргу важна зазначыўшы, што яго завуць „пан Пясоцкі“. Калі-ж ён памянуў пра месца свайго нараджэньня, у гутарку ўвязаўся Лясьніцкі. Лясьніцкі добра помніў географію, а памянёная легіонэрам мясцовасьць чамусьці асабліва станоўка ўелася яму ў памяць. Ён назваў некалькі суседніх пунктаў і, калі той зьдзіўлена ў яго ўтаропіўся, няўважна зазначыў:
— Бывалі і там — знаёмая мясьціна…
Тут ужо вусаты зусім узрадваўся. Ён у сваю чаргу пачаў з захапленьнем прыпамінаць суседнія гарады і мястэчкі, а Лясьніцкі рабіў від, што добра іх ведае і нават апісваў некаторыя падрабязгі, спэцыяльна выбіраючы такія, якія падышлі-б да кожнага горада або мястэчка.
Праз гадзіны паўтары між хлопцамі і вусатым легіонэрам была поўная сяброўская згода і прыязнасьць. Быццам і ня было таго, што яны арыштаваныя, а ён іхны вартаўнік, што ён вядзе іх, як важных злачынцаў, на нейкі страшны, суд, а можа й на сьмерць. І вось тады Халіма, сустрэўшыся поглядам з Лясьніцкім, бадзёра і весела яму падміргнуў. Лясьніцкі падумаў, што ў Халімы ёсьць ужо нейкі плян вызваленьня і стаў трымаць сябе напагатове. Ён заўважыў, як Халіма спрытным манэўрам перавёў гутарку на політычную тэму, на барацьбу легіонаў з бальшавікамі. А далей ужо сам легіонэр падышоў да іхнага арышту, з шчырай спага-