Перайсці да зместу

Старонка:Сьцежкі-дарожкі (1928).pdf/293

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

лела кінуўся на дзьверы, яго схапіў Халіма і, моцна сьціснуўшы сваімі дужымі лапамі, адвёў у дальні куток.

А самы нясьцерпны боль быў тады, як узялі таго маладзенькага, беленькага — гадоў у шаснаццаць — хлопчыка. Лясьніцкі адразу пазнаў яго голас. Яшчэ ідучы, ён да яго прыглядаўся, загаварваў з ім і дзівіўся яго простай вясёлай наіўнасьці. Цяпер, як жывы, ён паўстаў у ваччу: чысты адкрыты твар, шыракаваты рот, бліскучыя жвавыя вочкі, так люба прыжмураныя ад сонца.

Спачатку нічога ня чутна было — мусіць трымаўся, гаротнік, хацеў паказаць сваю мужнасьць. А потым пачулася ціхае стагнаньне, жудасна падобнае на горкі дзіцячы плач. І гэта, вырванае з самага сэрца, бязьмежна-балючае слова:

— Мамка! Мамачка!..

Ці адчувала ў тую хвіліну матчына сэрца, як мучылі яе дарагога сыночка?

Яго замучылі. Ужо значна пазьней, мо‘ праз некалькі год, Лясьніцкі выпадкова даведаўся, што гэты беленькі хлопчых ня вытрымаў катаваньня і праз тыдзень сканаў.

Лясьніцкага і Халіму выправілі ў той самы дзень гадзіне а чацьвёртай спаўдня. Іх павялі два добра ўзброеныя легіонэры. Адзін з іх быў паджылы, вусаты — ён аказаўся потым дужа гаваркім і вясёлым. А другі — яшчэ зусім малады — увесь час лятуценна маўчаў, азываючыся толькі глыбокімі гучнымі ўздыхамі. У гэтага быў невялічкі — клінам уніз — твар, а на ім шырокія сьцюдзяністыя вочы і малюпасенькі роцік. Ён быў дужа падобны на птушку, а ўздыхаў таму, што пакідаў на некалькі дзён сваю каханую — нейкую тутэйшую шляхцянку. Першы зусім добра гаварыў парасійску, а другі за ўсю дарогу блізка што не сказаў ніводнага слова і было невядома, ці ўмее ён гаварыць наогул.

Спачатку ішлі моўчкі. Старэйшы вартаўнік (паджылы, вусаты) памыкаўся праявіць валежную строгасьць і нават забараніў хлопцам гутарыць паміж сабой. Потым пачаў бурчэць нешта пра бальшавікоў, перайшоў на зямлю, на сель-