Яны пайшлі да натоўпу. Пайшлі проста затым, каб паглядзець ды паслухаць, што дзеецца там. Але настрой быў такі, што й сапраўды ідуць насустрэчу нейкаму ворагу.
І вось тут якраз здарылася тое трагічнае і сьмешнае, чаго пэўна ніхто не чакаў.
Як падышлі хлопцы да самае гурмы людзей, раптам над сьціхшым у гэту хвіліну народам паплылі плаўныя гукі жалобнага маршу. Яго падхапіла некалькі істэрычна-напружаных галасоў, за імі ўпляліся другія, і памалу ахапіў усю масу гэты шырокі, спакойна-сумны напеў.
Да хлапцоў абярнуўся рабочы ў скураной аблезлай тужурцы, з чырвоным, урачыста распараным тварам:
— Шапкі далоў… Далоў шапкі…
Лясьніцкі шапкі ня зьдзеў выключна па свайму юнацкаму задзёру, але рабочы, мабыць, не зразумеўшы гэтага, зьдзеў яму шапку лёгкім ударам далоні па цемю.
Тут ужо дапамог п‘яны абшарпанец, які ўсё яшчэ цёрся з хлапцамі. Вынырнуўшы аднекуль з-пад рукі ў Лясьніцкага, ён мэтодычна, разьмерана размахнуўся і звонка ёкнуў рабочаму ў твар.
Далей у вачох у Лясьніцкага так прамігнула: абшарпанец з задранымі ўгару нагамі, чырвоны твар, шмат яшчэ твараў і рук, і ўжо ў самым тумане — кнопачкай нос і акуляры на старых добрых вачох.
Паваліўся ён ад першага ўдару ў вісок і яго больш ня білі. Таму праз якіх дзьве ці тры хвіліны ён ужо ачуняў і з вялікім зьдзіўленьнем азіраў чужы раскошны двор, абстаўлены высокімі камяніцамі.
Ён сядзеў на нейкіх прыступках, абкружаны таварышамі. Пад руку яго падтрымліваў Славін, а Халіма прыкладаў да віска брудны, набраклы конскім гноем, сьнег.
Нездалёк, усьпёршыся на адну руку, сядзеў яго абаронец і пляваў крывянай сьлюною. На твары ў басяка быў поўны спакой і нават нейкае асаблівае здаволеньне. Відаць, гэта была для яго звычайная справа.