Тут здарылася нешта зусім нечаканае, Матрос пасьпешна выхапіў з кішэні рэвольвэр і стрэліў у афіцэра. Той недалужна заграбаў рукамі, сударгава хапнуў некалькі раз паветра і пасунуўся долу. Зьбялелы, перапалоханы салдат няпэўным рухам навёў у матроса вінтоўку, але ня справіўся стрэліць, як Халіма, падкраўшыся збоку, зусім спакойна падняў вінтоўку ўгару і потым без асаблівых патуг адабраў яе.
Матрос дзіка зароў, як звар‘яцелы:
— За мной!
Уварваліся на двор, Нехта страляў, нехта нешта крычаў — падняўся страшэнны гармідар. Хваля людзкога натоўпу выперла Лясьніцкага аж на гарод і тады ён убачыў, як ужо далёка, ля самых гумён, беглі асалапелыя ад страху палякі, кідаючы на бягу аружжа. Адзін застраў быў, зачапіўся, пералазячы цераз прасла, і Лясьніцкі бачыў, як нейкая баба, трапіўшыся тут каля блізу, падбегла к яму і заўзята хвастала яго карамыслам аж пакуль не перакуліўся ён на той бок і не пашыбаваў па полю ўсьлед за сваімі харобрымі таварышамі.
Сярод сялян падняўся вясёлы рогат. За палякамі далей не пагналіся — пачалі шумліва перакідвацца жартамі — сьмяшылі адзін аднаго і самі сябе. Потым вярнуліся на вуліцу. Вакол матроса сабраўся шчытны гурток — пачалі радзіцца, што рабіць далей. Пастанавілі вынесьці забітага афіцэра за вёску і кінуць дзе-небудзь у роў, а матросу ўсе ў адзін голас параілі зараз-жа, не марудзячы ні хвіліны, уцячы.
Матрос узяў з сабой трох хлапцоў і некуды зьнік. А праз хвілін дзесяць зьявіўся па-дарожнаму апрануты, узброены, пачаў разьвітвацца з усімі вяскоўцамі. Адзін з тых хлопцаў, якіх ён вадзіў з сабой, таксама быў гатовы ў дарогу.
Матрос быў ужо зусім цьвярозы — яго грубаваты твар выяўляў сур‘ёзную руплівасьць, турботу. Разьвітваючыся з Лясьніцкім, ён сказаў яму з сумнай усьмешкай:
— Не давялося нам і пагуляць разам… Ну, можа яшчэ ўбачымся. Калі што, — пытай тут у хлопцаў — яны будуць ведаць — ды прыходзь да мяне — паваюем…