Матрос, як пачуў пра ўсё гэта, парыўчата ўстаў, ляснуў кулаком па сталу.
— Дык-жа досыць ужо! Панапіліся крыві… Пойдзем-тку, пагамонім… Хлопцы, хадзем!..
Яго спрабавалі заятрымаць — зналі, што наробіць бяды, дык — дзе там! Крутнуўся разы са два (дужы, як вол) — і ўсе паадсыпаліся.
Лясьніцкі не адставаў ад яго ні на пядзь. Ад выпітае гарэлкі, ад запальных матросавых слоў ды яшчэ ад шпаркага руху (яны беглі ўгрунь) бушавала ў грудзёх кіпучае мора злосьці, якое магло цяпер штурхнуць яго на самы дзікі ўчынак.
Каля нейчае хаты ўжо сабраўся досыць вялікі натоўп. Вароты на двор былі зачынены, а перад форткай стаяў салдат з нарыхтаванай стрэльбай і адганяў народ. Матроса адразу прапусьцілі наперад — за ім прайшоў і Лясьніцкі. Яны падышлі да вартаўніка. Тут стаяў ужо раскірэчыўшы ногі Халіма і ні то сварыўся ні то проста дражніўся з вартаўніком. З двара чуваць быў гоман, нейкі трэск, бабскі плач і недалужны ёкат мужчыны.
Матрос падышоў да салдата, пахмура і злосна крыкнуў:
— Прапусьці, ну?..
Салдат моўчкі навёў у яго стрэльбу. Матрос спыніўся.
— Што, страляць? Хочаш забіць, так? Думаеш, гэта так сабе пройдзе? Кажу — прапусьці, ну?!
У гэты момант адчынілася фортка і ў ёй паказаўся афіцэр — мусіць, іхны старэйшы — высокі мужчына, з маленькім тварам, на якім грэбліва шаваліліся вусікі і тупа плылі масьляністыя кацячыя вочы. У руках ён трымаў наган.
— Што тут такое? Чаго пазьбіраліся, а? Разыйдзісь!
Матрос не крануўся з месца. Утупіўся, як бык, і прабурчэў з настойнай пагрозай:
— Чаго шукаеш, га? Што табе трэба тут?..
— Разыйдзісь, а то загадаю страляць! Разыйдзісь!..
— Каго шукаеш, пытаю?
— Разыйдзісь! Салдаты, сюды!..