Перайсці да зместу

Старонка:Сьцежкі-дарожкі (1928).pdf/286

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Як таксама… бальшавік, так… Я табе ўсё… я табе веру, бо — Андрэй… Ах, любы хлопец, халера… За яго канечна трэба па чарцы… Вып‘ем, Васіль, за Андрэйку…

Пілі яшчэ. Яшчэ цалаваліся. Потым матрос зусім расчуліўся і абавязкова захацеў паказаць Лясьніцкаму сваі дзяўчыну. Ён пачаў гукаць яе:

— Ганна! Ганулька! Ганулечка! Стань перада мной, як ліст перад травой! Цялушачка!

Аднекуль вынырнула і падышла, сарамліва ўсьміхаючыся, поўненькая сьвежая дзяўчына. Матрос абняў яе, прыгарнуў да сябе.

— Во мая цялушачка… Васіль, бачыш? Падабаецца, га? Хочаш пацалавацца? Цалуйся… ну?.. Яшчэ, яшчэ…

Лясьніцкаму дзяўчына гэта здалася надзвычайна прыгожай, і ён вельмі ахвотна з ёй цалаваўся. Яна была троху п‘янаватая, а таму ўжо з другога разу пачала шчыра адказваць на пацалункі — вусны яе сталі мяккія і гарачыя, а ў вачох зайскрыўся юрлівы агоньчык. Калі-ж Лясьніцкі ўзяўся за яе чароўна-пухкія грудзі, матрос чамусьці страшэнна ўсьцервіўся, закрычаў і ўжо намерыўся на яго магутным сваім кулаком. Але Лясьніцкі зусім не спалохаўся, Ён кінуўся матросу на шыю і пачаў яго цалаваць з такім самым імпэтам, як і дзяўчыну. Гэта дало інцыдэнту зусім добрую і мірную разьвязку. Матрос прапанаваў выпіць — і ўсе ўтрох выпілі дружна па чарцы.

Гулянка тая цягнулася-б без перапынку ўвёсь дзень, каб не адно здарэньне, якое нечакана ўзбушавала ўсю вёску, унесла новую плынь у яе зладнае жыцьцё. Пачалося з таго, што гадзіне а чацьвертай спаўдня на вёску прыехалі палякі (матросавы словы-ткі спраўдзіліся). Вестка аб гэтым у момант абляцела ўсю вёску і ня мінула таксама хаты дзядзькі Піліпа. Пачалося нэрвовае мятушэньне, адзін аднаму жвава, сьпяшаючыся, перадаваў навіну:

— Зачалі трэсьці з таго канца — шукаюць бальшавікоў, аружжа. Ламаюць, крышуць усё-чыста. Што аблюбуюць — усё на воз, на воз… Б‘юцца, калі хто сьпіраецца…