Перайсці да зместу

Старонка:Сьцежкі-дарожкі (1928).pdf/285

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

нясьлі яму вялікую ўёмістую чарку, і ён выпіў яе з зухаватай шпаркасьцю, за што дастаў агульную ўхвалу суседзяў.

Матрос цалком заўладаў Лясьніцкім і зацягнуў яго ў бесканцова-віхлястую п‘яную гутарку. Ён усё нахіляўся да Лясьніцкага і гаварыў чамусьці таемна, прытоена:

— Браточак… Мы п‘ём, вось, гуляем… а чаму? Арыну што аддаём? Гэта глупства… Можа, што вы надышлі? Малайцы хлопцы, здорава гэта. А чаму п‘ём — ведаеш? Ведаеш? Гора наша п‘е… во… У-у-у, сволачы… Ты чуў, што толькі робяць?.. Эх, братка… як цябе… ага, Васіль… Васіль!.. Душа баліць… Спалілі цэлыя вёскі, сякуць, б‘юць, страляюць… Забіраюць усё, што на вока трапіць… Во, Васіль, як робіцца… А чаму? — Сілы няма, неяк адбараніцца… Ты ня бачыў? Прыедуць, яшчэ мо‘ й сёньня заявяцца… Эх, каб гэта хлопцаў з паўсотні — закруціў-бы я ім хахлы… А можа і закруцім яшчэ… Ты свой… я цябе не баюся… Хочаш — пойдзем да нас… А-а-а… баішся… нічога, потым падумаеш… Выпі цяпер…

Лясьніцкі п‘е яшчэ чарку, і яшчэ, і яшчэ. У галаве зашумела, вочы сталі цяжкія, неўвароткія — мітусіцца ў іх нешта. У нутры расьце буяны ўздым, хочацца гаварыць і сьмяяцца. Матрос такі стаў сымпатычны, любы — трэба з ім абавязкова пацалавацца, ня йначай.

Матрос усё нешта гаворыць. Лясьніцкі тож пачынае гаварыць. Адзін аднаго мала слухаюць, Але як Лясьніцкі пачаў, гаварыць пра бальшавікоў і памянуў прозьвішча Андрэя матрос пачуў і зьдзіўлена ў яго ўтаропіўся.

— Ты яго знаеш?

Лясьніцкі сказаў, як ён знае Андрэя. Тады матрос увайшоў у нейкую шалёную экзальтацыю, Ён схапіў Лясьніцкага, абняў, пачаў цалаваць.

— Браточак! Васілька! Дык ты яго ведаеш? Жыў з ім? Бадай ты згарэў! Гэта-ж… Гэта-ж чорт, а не чалавек… Ён-жа быў тут, халера… Ды я-ж… дай мне сюды яго, сволача… Я-ж памру за яго, за баламута. У агонь, у ваду… Гэта-ж такі чалавек — ён-жа каго хочаш прайме… Ён-жа нас так ускруціў…

Потым ён зноў нахіліўся і зноў зашаптаў: