Перайсці да зместу

Старонка:Сьцежкі-дарожкі (1928).pdf/283

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Прадаю сьвіньню маладую, сьвежую… Варшаўскай пароды, шляхецкага заводу… Кормная, тлустая, адно сала — няма ні касьцей, ні мазгоў… Вось яна, вось яна!.. Чысты палкоўнік!

Лясьніцкага працяла раптоўная думка. Ён спыніў Халімаў лямант і запытаў яго:

— Слухай! Ці можна мне з табой паехаць?

Халіма дапытліва паглядзеў на яго.

— А ты адкаго ўцякаеш?

— Ад аднаго нутранога ворага. Потым я раскажу…

І ён хваравіта, крыва ўсьміхнуўся. Халіма падняўся, прыклаў палец к носу, памеркаваў нешта і рашуча ўдарыў Лясьніцкага па плячу.

— Гайда! Паехалі.

У гэты час падышоў селянін — гаспадар возу і парсюка, — прывёў нейкіх купцоў. Пачаўся заўзяты торг, у якім самы чынны ўдзел прыняў і Халіма.


У ВЁСКУ, дзе жыў Халімаў знаёмы, яны прыехалі ўжо ў позны вечар. Да дзядзькі аставалася прайсьці пехатой яшчэ вёрст восем, а таму яны рашылі заначаваць. Пайшлі назаўтрага гадзіне а сёмай раніцы.

Усю дарогу, асабліва-ж цяпер, калі ў маладой сьвежай напружанасьці мерылі яны паўсажнёвымі крокамі пульхна ўкрытую пылам дарогу, калі ўдыхалі на ўсе грудзі ароматную сьвежасьць роснага раньня, і калі па ўсёй істоце жыватворчай сілай разьлівалася ласка вясёлага сонца, — Лясьніцкі адчуваў нязвычайную лёгкасьць, нейкі хмельны ўздым, вольнае радаснае парываньне. Усё, што перажыў за апошнія дні, асталося туманным сном недзе адзаду. Калі і ўспаміналася, дык не цяжарыла сэрца, а толькі ўзьнімала інстынктыўнае імкненьне ісьці наперад, далей і далей, каб зусім адыйсьціся, каб забыцца на ўсю гэтую жыцьцёвую сумятню.

Перад домам, у якім жыў дзядзька Халімы, шумліва тоўкся народ, іграла музыка і цэлай хмарай узьнімаўся пыл —