насядалі едкія дакорныя думкі — ён з усіх сіл ад іх бараніўся, каб не адчуваць сваёй слабасьці і прыніжэньня, каб не раструйваць сэрца. Ён цяпер адчуваў і ведаў, што ўсё роўна пайшоў-бы, што-б там ні было, якія-б ня былі разважаньні і пастановы.
Ён увайшоў у дом да краю расхваляваны, з устурбаваным сэрцам, з пачуцьцём нейкай прыкрай пудлівай раскіданасьці. Раіса сустрэла яго ў сваім старым пакоі. Яна была не адна — быў тут яшчэ дзядзя Міка (вясёла-бліскучая салодкая кружэлачка), яны з ім аб нечым шумліва і звонка гўтарылі.
Раіса была апрануўшыся ў цёмную пышную сукенку, ад якой хараство яе здавалася троху сухім, офіцыйным. Яна ветла ўсьміхнулася Лясьніцкаму і з млявай паважнасьцю падала яму сваю высока аголеную руку. Лясьніцкі паціснуў руку ня зусім зграбна і ўпэўнена — ён разглядаў яе, зьдзіўлены зусім халодным, няпрыветным бляскам яе мармуровае бялосьці. Потым ён прывітаўся з дзядзям Мікам — і пачуў у нутры прыкрую агіду і няпрыязнасьць. Ён, каб прымеў, дык-бы з вялікай ахвотай выкінуў яго за дзьверы — так быў ён тут недарэчы ў гэту часіну.
Раіса запрасіла Лясьніцкага сесьці, зрабіла яму для прылікі пару запытаньняў і ўзнавіла перарваную гутарку з дзядзям Мікам, Лясьніцкі астаўся сядзець у нейкім недарэчным маўчаньні, прыгнечаны нязвыклымі для яго абставінамі, зьбянтэжаны халоднасьцю Раісы. Потым ён троху заспакоіў сябе думкай, што гэта яна таму з дзядзям Мікам говорыць, што хоча скарэй яго выправіць, што толькі пры ім яна трымае сябе з офіцыйнай сухасьцю. І ён пачаў цярпліва чакаць канца іхнае гутаркі, спадкрадня любуючыся Раісай і пацяшаючы сябе думкамі аб магчымасьці іншых адносін, аб блізкасьці і шчырасьці, якая бязумоўна ўстане між іх, калі яны застануцца адзін-на-адзін.
Разглядаючы тонка акрэсьлены шаўковымі складкамі стан Раісы, знаёмыя і любыя рысы яе прыгожага твару, Лясьніцкі з гарачай яскравасьцю ўяўляў, як калісьці трымаў у руках у сваіх гэты чароўны стан, цалаваў гэтыя гордыя