Перайсці да зместу

Старонка:Сьцежкі-дарожкі (1928).pdf/274

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

з кожным. Я пакахала яго, а ці кахаў мяне ён, я, на жаль, і цяпер ня ведаю. Ну, што… расказаць вам, як кахаюцца? Вы, здаецца, ведаеце гэта ня менш, як я… (Яна хітравата ўсьміхнулася). А глядзела я зусім проста на гэта, і цяпер ня каюся… Я хацела сама, каб у нас быў дзяцёнак… у нас ня было ніякага спадману… разумееце?.. А тады… ён перайшоў на другі шлях… няпрыгожа… уцёк, зрадзіў… Цяпер нам не па дарозе… я хачу ненавідзець яго… і буду ненавідзець. А дзяцёнка буду гадаваць — я ўжо цяпер адчуваю да яго матчыну любасьць… Як вырасьце, скажу яму, хто ў яго быў бацькам, раскажу пра яго ўсё, што буду ведаць сама. А можа ён і ня будзе гэтым цікавіцца? Як вы думаеце, Лясьніцкі?

Замест адказу Лясьніцкі запытаўся:

— Дзе цяпер Славін, вы ня ведаеце?

Ніна засьмяялася:

— Вы-б проста запыталі, што я да яго адчувала, вас гэта цяпер цікавіць… Ха-ха! Ён-жа ўсё-ткі ня вытрымаў і прызнаўся мне ў каханьні. Ён дужа добры і чулы — мне шкода яго. Ведаеце, што? Я шчыра хацела яго палюбіць… Я й цяпер можа стараюся гэта зрабіць… Вам сьмешна? Я ўжо аднаго дасягнула: страшэнна хачу, каб ён быў шчасьлівы, каб ня быў такі… нікчэмны… А дзе ён цяпер — ня ведаю. Ён паехаў быў неўзабаве пасьля таго, як паехалі вы… Вось… Але цяпер не да гэтага. Цяпер трэба старацца на рэволюцыю — барацьба ідзе дужа цяжкая…

Апошнія словы Ніны асабліва зьдзівілі Лясьніцкага. У іх ня было ні кроплі напышлівасьці, афэктацыі, яна сказала іх проста, ад сэрца — яна сапраўды гаварыла пра блізкую ёй і дарагую справу.

У гэты час закіпеў самавар. Ніна спакойна ўсьміхнулася Лясьніцкаму, быццам дала зразумець, што ўсё гэта больш цікава, чымся сур‘ёзна, і пайшла рыхтаваць чай.

Яны ў той вечар доўга сядзелі ўдвух у гэтым прытульным пакоі, злучаныя цёплай таварыскай блізкасьцю, адкрывалі адзін аднаму патаемныя старонкі свайго жыцьця.