адразу гэта заўважыла, з сарамлівай усьмешкай падняла на яго свае ласкавыя шэрыя вочы.
— Што вы разглядаеце? Я старая цяпер, няпрыгожая стала…
Лясьніцкі хацеў пярэчыць, але ўбачыў, што гэта праўда. Для прылікі сказаў:
— Так, вы выглядаеце горш, чымся раней. Але, здаецца, вы не пахудзелі…
Яна весела засьмяялася.
— Які вы сьмешны, Лясьніцкі! Ці-ж вы ня бачыце, што я цяжарная… У мяне праз два месяцы будзе дзіця…
Апошнія словы яна сказала з выразным адценьнем здаволеньня і радаснай гордасьці. Потым, убачыўшы ў вачох Лясьніцкага маўклівае запытаньне, цьвёрда і пасьпешна загаварыла:
— Вы хочаце ведаць, ці замужам я? Я жыла з Халімам — і гэта будзе яго дзяцёнак. Ну так, я любіла яго — хіба вы ня прымецілі гэтага?..
Яна змоўкла, утупілася ў сваё швіва. Яна была зусім спакойная, а можа паказвала від, што спакойная. Лясьніцкі ня ведаў, ці шкадаваць трэба яе — ці, наадварот, прасякнуцца да яе шчырай і глыбокай павагай. Словы яе страшэнна яго ўразілі. Прад ім паўстала цень нейкае глыбокае драмы, ці можа комэдыі, але наогул нечага моцнага, неабычайнага. Ён пачуў, што пад абліччам гэтае ціхае ласкавае дзяўчыны хаваецца ўпартая душэўная сіла — і гэта сіла раптам пацягнула яго да сябе сваёй таемнасьцю, сваім глыбока затоеным рухам. Яму захацелася пачуць ад яе што-небудзь шчырае, адкрытае. Ён ласкава папрасіў яе:
2 Ніна! Ведаеце што… Раскажэпце мне пра гэта… ну, пра сваё жыцьцё… калі можна, калі ня будзе вам цяжка ад гэтага… Давайце пагаворым шчыра, як — помніце? — калісьці даўней.
Ніна ўсьміхнулася.
— Я многа чаго вам не скажу, бо ня ўмею расказваць… пра сваё… Дый няма аб чым… Ну, было тое, што бывае