Перайсці да зместу

Старонка:Сьцежкі-дарожкі (1928).pdf/271

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ным злавесным сном — нечым чужым, выпадкова прынесеным аднекуль збоку. Яно шчыльна злучаецца з тым, што бачыў на паўгадзіны раней — з напышлівым форсам легіонэраў, з бізуном нахабна-свавольнага афіцэра, — і раджае ў нутры пачуцьцё гневу, глухой нявыразнай нянавісьці. Гнеў разбаўляе крыўду і сорам, ад гэтага робіцца троху лягчэй, думкі набываюць больш лёгкасьці і рухавасьці, зьяўляюцца дзіка нязбытыя лятуценьні аб нейкай помсьце, аб адплаце некаму за нейкае злачынства, за крыўду.

Лясьніцкі пайшоў у пустэльны, яшчэ няпрыбраны з зімы, гарадзкі сад, сеў над высокай кручай, пад якой аблеплены мізэрнымі домікамі расьсьцілаў сваё люстранае ўлоньне сівы Дняпро, і ў ціхай самоце аддаўся лятункам, якія сваім чароўна-імклівым лётам разьвейвалі чорны настрой. Ён сядзеў да цёмнага ў гэтым маўклівым садзе, і вышаў адтуль шэрай гадзінай — ні то заспакоены, ні то проста змораны напружаным душэўным хваляваньнем.

Падыходзячы да дому Андрэя, Лясьніцкі адчуў мімавольную трывогу.

„Можа й тут сустрэне што-небудзь нядобрае?“

Потым сам гэта заўважыў і ўсьміхнуўся.

„Напужаў мех, дык і торба страшна“.

І паляпаў у дзьверы ўжо з з вясёлай бадзёрасьцю, з спакойным сэрцам.

— Хто там?

Лясьніцкі пазнаў голас Ніны і адгукнуўся, троху зьдзіўлены тым, што, не адчыніўшы, пытаецца, бо раней ніколі гэтага ня было. Ніна адразу загрымела завалам, загаварыла яшчэ з-за дзьвярэй:

— Такога госьця трэба пусьціць, хоць і ня зусім варты, бо адчураўся зусім. Ну, заходзьце, калі патрапіце. Можа забыліся ўжо, дзе ў нас дзьверы?..

У пакоі, дзе калісьці жыў Лясьніцкі, гарэла прытульная — з блакітным каптуром — лямпа, кідала на стол роўны круг цёплага мяккага сьвятла. На стале скомчаным грудам ляжала нейкае швіва. У пакоі, апрача Ніны, ня было больш нікога.